Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/01/945284_12345/
Дата раздрукоўкі: 03.06.2020 03:51
01.03.2018 17:10 Эканоміка

Лукашэнка пра сітуацыю ў лясной гаспадарцы: Бардак поўны — хабарнік на хабарніку сядзіць

Мінск, 1 сакавіка. Падчас рабочай сустрэчы з віцэ-прэм`ерам Міхаілам Русым 1 сакавіка Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на сітуацыю ў сферы лясной гаспадаркі, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

"Бардак поўны — хабарнік на хабарнікаў сядзіць. Табе таксама дадзім ацэнку. Віцэ-прэм`ер павінен быў там навесці парадак, каб мыш не прапаўзла", — папярэдзіў ён Русага.

Той, у сваю чаргу, паведаміў, што ўрад і Адміністрацыя прэзідэнта падабралі кандыдатуры на пасаду міністра лясной гаспадаркі. Паводле слоў Русага, гэта вельмі моцныя, магутныя спецыялісты, якія ведаюць лясны комплекс не па чутках і разумеюць, як развіваць гэтую сферу з пункту гледжання эканамічнай мэтазгоднасці.

Міхаіл Амельяновіч, які ўзначальваў Міністэрства лясной гаспадаркі з 12 сакавіка 2010 года, быў вызвалены ад займанай пасады 15 лютага "за непрыняцце дзейсных мер па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі правапарушэннямі ў падведамасных арганізацыях". З той жа фармулёўкай быў звольнены міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко.

16 лютага, размаўляючы з работнікамі Слуцкага цукроварафінаднага камбіната, Лукашэнка расказаў, што ў лясной гаспадарцы была выяўленая карупцыйная схема: добрая драўніна дакументальна выдавалася за некандыцыю і незаконна ішла на экспарт. "Працавалі цэлы год па ўсёй краіне. Які гэта міністр? Што, я цярпець павінен такога міністра? На яго ўжо, шчыра кажучы, сорамна было з боку глядзець. Паўстае пытанне: ты працаваў ці там быў павязаны з імі", — сказаў Лукашэнка.

У той жа дзень газета Адміністрацыі прэзідэнта "Советская Белоруссия" са спасылкай на КДБ паведаміла пра затрыманне 12 супрацоўнікаў сістэмы Мінлясгаса з Мінскай, Магілёўскай, Брэсцкай, Віцебскай абласцей, а таксама двух бізнесменаў, звязаных з імі.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239