Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/02/945395_258746/
Дата раздрукоўкі: 09.08.2020 16:41
02.03.2018 13:03 Эканоміка, Грамадства

Лукашэнка: Міжрэгіянальнае расслаенне ўнутры краіны становіцца ўстойлівым працэсам

Мінск, 2 сакавіка. "Міжрэгіянальнае расслаенне ўнутры краіны становіцца ўстойлівым працэсам", — заявіў Аляксандр Лукашэнка 2 сакавіка ў Мінску на пасяджэнні па справаздачы ўрада, Нацыянальнага банка, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама аб выніках працы эканомікі за 2017 год і задачах па забеспячэнні ўстойлівага эканамічнага росту.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што за сем гадоў сусветны ВУП вырас на 25%, у той жа час рост ВУП Беларусі не дацягнуў нават да 6%. Лукашэнка перакананы, што прычыны, якімі ўрад тлумачыць такую сітуацыю, — фінансавы крызіс, кан'юнктура, "з'яўляюцца проста адгаворкамі".

"Калі мы расцем больш павольна, чым іншыя, значыць, мы адстаем. Адстаем ад свету ў развіцці, тэхналогіях і, вядома, ва ўзроўні жыцця людзей. Але як прэзідэнта мяне турбуе не толькі гэта. Нельга ігнараваць тыя працэсы ўнутры краіны, якія ўжо сталі ўстойлівымі. Я кажу пра міжрэгіянальнае расслаенне", — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

"Краіна, рэгіёны развіваюцца нераўнамерна. А дакладней, развіццё ёсць толькі ў Мінскай і з вялікай нацяжкай у Гродзенскай абласцях. Валавы рэгіянальны прадукт гэтых рэгіёнаў за мінулую пяцігодку і два гады гэтай вырас у Мінскай на 28% і ў Гродзенскай на 13%. Астатнія рэгіёны стагнуюць: за сем гадоў Брэсцкая вобласць прыбавіла усяго прыблізна 5%, Гомель — 3%, Віцебская — 2%, а валавы рэгіянальны прадукт Магілёўскай вобласці за сем гадоў нават скараціўся", — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што "любая сур'ёзная дыферэнцыяцыя заўсёды прыводзіць да пунктаў расколу ў грамадстве і маштабных праблем у краіне". "Таму ўраду і аблвыканкамам пастаўленая задача: жыццё нашых людзей павінна быць аднолькава камфортным у любым горадзе і раёне. Жаданне нармальна жыць і гадаваць дзяцей, магчымасць працаваць, з цікавасцю і з карысцю зрасходаваць заробленае павінны быць у любым кутку нашай краіны", — падкрэсліў Лукашэнка.

Аснова гэтага — перш за ўсё стварэнне новых прадпрыемстваў, заявіў ён. "У гэтых мэтах наша небагатая дзяржава па макулінках збірае грошы і накіроўвае іх у інвестыцыйныя праекты. Таму прэм'ер-міністр сёння праінфармуе аб іх рэалізацыі, аб перспектывах і як яны паўплываюць на развіццё рэгіёнаў", — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239