Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/02/945398_557896/
Дата раздрукоўкі: 09.08.2020 16:46
02.03.2018 11:52 Грамадства, Эканоміка

Лукашэнка незадаволены працай урада па стварэнні высокапрадукцыйных працоўных месцаў

Мінск, 2 сакавіка. Падчас справаздачы ўрада аб выніках працы эканомікі за 2017 год і задачах на перспектыву Аляксандр Лукашэнка рэзка раскрытыкаваў Савет міністраў за недастатковую працу па стварэнні высокапрадукцыйных працоўных месцаў.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, на сустрэчы ў Доме ўрада таксама прысутнічаюць прадстаўнікі Нацбанка, аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама.

"Вельмі насцярожвае, што выкананне рашэнняў кіраўніка дзяржавы скажонае, — заявіў Лукашэнка. — Маё патрабаванне ў тым, каб ствараць высокапрадукцыйныя працоўныя месцы. Яны і ёсць аснова росту, на іх можна зарабляць прыстойныя грошы, а не проста выплачваць зарплату, як гэта было у снежні. Я не ўнікаў, як урад арганізаваў выкананне майго даручэння, але вынікі нічога не вартыя".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што колькасць высокапрадукцыйных працоўных месцаў складае прыкладна 5% ад створаных. "А на ўзроўні райвыканкамаў, адміністрацый гарадоў, як мяне праінфармавалі, слоў "высокапрадукцыйныя працоўныя месцы" нават і не чулі. Там бачаць задачу "галоўнае — трымаць і не звальняць". Не звальняць — гэта таксама важна, чалавек павінен мець месца працы", — дадаў Лукашэнка.

Ён нагадаў, што ў канцы мінулага года прайшоў вялікі бізнес-форум, быў прыняты пакет рашэнняў, у тым ліку па стымуляванні занятасці. "Але ўжо праз два месяцы нейкія разумнікі ва ўрадзе пачынаюць дадумваць. Яны самі вырашылі, што калі чалавек у сябе займаецца нейкай самай простай формай самазанятасці, то паслугі ЖКГ яму трэба выстаўляць па поўным кошце. Як вы разумееце, пайшлі скаргі на гэты конт. Гэта наўмысны сабатаж рашэнняў прэзідэнта ці непаразуменне?" — пацікавіўся Лукашэнка ва ўрада.

Паводле яго слоў, усё гэта не найлепшым чынам характарызуе эфектыўнасць працы ўрада па эканамічнай праблематыцы.

Нагадаем, згодна з дэкрэтам № 1 аб садзейнічанні занятасці з 1 студзеня 2019 года не занятыя ў эканоміцы працаздольныя грамадзяне павінны будуць аплачваць паслугі (у тым ліку ЖКГ) па цэнах і тарыфах, якія забяспечваюць эканамічную абгрунтаванасць выдаткаў. Пералік такіх паслуг Савету міністраў даручана вызначыць да 1 красавіка 2018 года.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239