Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/02/945410_235698/
Дата раздрукоўкі: 26.01.2020 06:40
02.03.2018 12:25 Эканоміка

Лукашэнка папракае чыноўнікаў у тым, што лічба для іх "стала важнейшай за сутнасць"

Мінск, 2 сакавіка. Аляксандр Лукашэнка папракнуў урад залішняй захопленасцю паказчыкамі, а таксама адзначыў, што ацэнка сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне чыноўнікамі і насельніцтвам адрозніваецца.
2 сакавіка падчас справаздачы ўрада аб выніках працы эканомікі за 2017 год кіраўнік дзяржавы адзначыў, што азнаёміўся са справаздачай і з тым, як выконваліся яго даручэнні. "Тэксту ў ёй — на некалькі пачкаў паперы, а ў канцы выснова: "прапануем зняць 85 даручэнняў з кантролю як выкананыя", — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

"Якое тут "зняць"? Андрэй Уладзіміравіч, вы вышэйшая службовая асоба, і праблемы зашмальцоўваць, хаваць не трэба, — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да прэм'ер-міністра Андрэя Кабякова. — Мы сабраліся ў гэтым коле, каб гэтыя праблемы агаліць для таго, каб вырашаць задачы, пастаўленыя перад краінай. Калі ўрад праблем не бачыць, то паспрабуем іх вылучыць і канкрэтызаваць".

Паводле слоў Лукашэнкі, статыстыка вынікаў 2017 года вядомая, і кожны з удзельнікаў мерапрыемства напэўна гатовы бойка паведаміць пра поспехі ў сваёй сферы. "Ва ўрадзе шмат размоў пра пазітыўныя зрухі. Аднак галоўная мэта цяперашняга мерапрыемства не ў тым, каб здавольвацца дасягнутымі паказчыкамі. Сёння мы павінны разабрацца з тым, што хаваецца за сярэднімі лічбамі, і даць ацэнку якаснаму боку гэтых "поспехаў", — сказаў беларускі кіраўнік.

Ён пацікавіўся, як выконваюцца яго даручэнні па рэальным павышэнні ўзроўню жыцця насельніцтва і што ёсць у арсенале ўрада, Нацбанка і мясцовых уладаў для забеспячэння ўстойлівага эканамічнага росту Беларусі з тэмпамі абавязкова вышэйшымі за сярэднесусветныя.

"Хачу зразумець: з'яўляюцца дасягнутыя вынікі пачаткам станоўчых тэндэнцый ці гэта часовы ўсплёск? Што стаіць за вынікамі: цыклічнае ажыўленне, спрыяльныя знешнія ўмовы або мы выйшлі на якасна новы рост?" — спытаў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што, на думку некаторых службовых асобаў, цуд пакуль не здарыўся — на паляпшэнні эканамічнай сітуацыі ў краіне адбіўся рост цэн на нафту і ажыўленне попыту ў Расіі.

"Сёння я менш за ўсё хацеў бы ўнікаць у рознага роду лічбавыя вынаходствы, — папярэдзіў Лукашэнка. — Інфармацыя, якая да мяне паступае, кажа пра тое, што людзі паляпшэнняў пакуль не адчуваюць. Палова жыхароў краіны лічаць, што ў 2017 годзе сацыяльна-эканамічная сітуацыя працягнула пагаршацца, прыблізна 40% — змен не заўважылі. Зразумела, што гэта сацыялагічнае апытанне, зразумела, што гэта залежыць ад настрояў, але сацыялагічныя апытанні супастаўныя, і мы параўноўваем іх. Пры гэтым члены ўрада, мясцовыя органы ўлады захапіліся іншым — паказчыкамі і іх дасягненнем. Лічба стала важнейшай за сутнасць. Такія падыходы — гэта рашэнні аднаго дня, і людзям ад гэтага лепш не стане".
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН