Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/02/945418_12345/
Дата раздрукоўкі: 21.09.2020 03:42
02.03.2018 13:03 Эканоміка, Грамадства

Лукашэнка: Рост цэн для насельніцтва па-ранейшаму з'яўляецца праблемай нумар адзін

Мінск, 2 сакавіка. Рост цэн назваў "праблемай нумар адзін" для насельніцтва Аляксандр Лукашэнка 2 сакавіка ў Мінску на нарадзе па справаздачы ўрада, Нацыянальнага банка, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама аб выніках працы эканомікі за 2017 год і задачах па забеспячэнні ўстойлівага эканамічнага росту.

"Людзям усё роўна, якая ў нас у краіне сярэдняя інфляцыя. Яны робяць высновы па цэнах на тавары, якія купляюць кожны дзень. А там рост як мінімум на 8-10% за год. А калі паслугі сюды дадаць, то і больш, а не 4,5 ці 6%. Таму рост цэн для насельніцтва па-ранейшаму з'яўляецца праблемай нумар адзін. Маё патрабаванне да кіраўніка Нацбанка, як і чатыры месяцы таму, — скарачэнне інфляцыйных чаканняў", — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў, каб падчас сённяшняй справаздачы была дадзеная аб'ектыўная ацэнка таго, як завершаны 2017 год. Паводле слоў Лукашэнкі, "патрэбная не проста статыстыка, неабходныя аналіз сітуацыі і высновы аб праблемах, якія перашкаджаюць рухацца наперад". Ён падкрэсліў, што хацеў бы пачуць "выразную праграму далейшых дзеянняў урада і Нацыянальнага банка па рашэнні пастаўленых задач і паднятых пытанняў".

Як паведамлялася, спажывецкія цэны ў студзені 2018 года ў параўнанні са снежнем 2017-га выраслі на 0,8%, да студзеня 2017-га — на 4,5%. У студзені 2018 года ў адносінах да снежня цэны на харчовыя тавары выраслі на 0,8% (за год — на 3,8%), на нехарчовыя — знізіліся таксама на 0,8% (на 2%), на паслугі — выраслі на 0,5% (на 9,8%).

Па выніках 2017 года зафіксаваная самая нізкая ў гісторыі суверэннай Беларусі інфляцыя — 4,6%. У 2016 годзе спажывецкія цэны выраслі на 10,6%.

Згодна з планамі ўрада, рост спажывецкіх цэн у 2018 годзе павінен скласці не больш за 6% (у першым квартале — 2,7%, за паўгоддзе — 4,1%, за тры кварталы — 4,3%). Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2016—2020 гады прадугледжанае зніжэнне інфляцыі да 5%.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239