Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/02/945430_12345/
Дата раздрукоўкі: 26.01.2020 06:41
02.03.2018 13:14 Эканоміка, Фінансы

Лукашэнка: Крый вас бог нават думаць аб тым, каб закрэдытаванасць рэальнага сектара перакласці на бюджэт

Мінск, 2 сакавіка. Закрэдытаванасць рэальнага сектара эканомікі ў Беларусі расце, адзначыў Аляксандр Лукашэнка 2 сакавіка ў Мінску на нарадзе па справаздачы ўрада, Нацбанка, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама аб выніках працы эканомікі за 2017 год і задачах па забеспячэнні ўстойлівага эканамічнага росту.

"Крый вас бог нават думаць пра тое, каб перакласці гэта на бюджэт. А то я часта стаў чуць размовы пра "фіскальныя рызыкі". Калі гэта вы мяне плаўна рыхтуеце да таго, каб за кошт лекараў і настаўнікаў аплаціць безгаспадарчасць прадпрыемстваў, то лепш зараз прама скажыце пра гэта і ідзіце дадому адпачываць. Прадпрыемствы самі павінны зарабляць грошы і плаціць падаткі ў бюджэт", — цытуе прэзідэнта яго прэс-служба.

Ён таксама канстатаваў, што дзяржаўны доўг расце хутчэй, чым эканоміка. "Пагасіў 2,3 млрд долараў, а ўзялі амаль 3,5 млрд", — заўважыў Лукашэнка.

"На пэўныя станоўчыя вынікі, якія дасягнутыя ў 2017 годзе, я гляджу, мякка кажучы, стрымана, таму што бачу іх рэальную цану, — сказаў Лукашэнка. — ВУП вырас, але не кампенсавана падзенне нават аднаго 2016 года. Яшчэ трэба караскацца ўверх на 4%, каб выйсці хаця б на значэнні 2014 года".

Як паведамлялася, пратэрмінаваная крэдыторская запазычанасць арганізацый за 2017 год вырасла на 5,5% да 7 млрд 229,8 млн рублёў, за снежань — знізілася на 2,2%. Знешняя пратэрмінаваная крэдыторская запазычанасць за мінулы год скарацілася на 9,9% да 1 млрд 7,7 млн рублёў, за снежань — вырасла на 4,9%. У цэлым знешняя крэдыторская запазычанасць павялічылася на 11,3% (да 10 млрд 32,1 млн), за снежань — на 3,3%. Крэдыторская запазычанасць на 1 студзеня 2018 года склала 45 млрд 528,3 млн рублёў, або на 15% больш, чым на 1 студзеня 2017 года, і на 3% больш у параўнанні з паказчыкам на 1 снежня.

Пратэрмінаваная запазычанасць па крэдытах і пазыках на 1 студзеня бягучага года склала 2 млрд 462,2 млн рублёў. За год яна знізілася на 6,6%, за снежань — на 6,4%. У цэлым запазычанасць па крэдытах і пазыках на 1 студзеня 2018 года склала 66 млрд 154,9 млн рублёў — на 11,5% больш, чым на 1 студзеня 2017 года, і на 0,9% больш у параўнанні з паказчыкам на 1 снежня.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН