Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/02/945454_974125/
Дата раздрукоўкі: 29.01.2020 15:30
02.03.2018 14:35 Эканоміка, Палітыка

Лукашэнку "вельмі насцярожваюць" стыль і метады працы ўрада

Мінск, 2 сакавіка. Аляксандра Лукашэнку "вельмі насцярожвае стыль і метады працы дзейнага ўрада". Пра гэта ён заявіў 2 сакавіка падчас справаздачы ўрада, Нацыянальнага банка, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама аб выніках працы эканомікі за 2017 год і задачах па забеспячэнні ўстойлівага эканамічнага росту.

На думку кіраўніка дзяржавы, члены ўрада "атрымалі ў спадчыну практычна ўсе недахопы мінулага, а найлепшае не ўзялі". "Ваша мадэль паводзінаў ніяк не адпавядае матрыцы задач вертыкалі ўлады і мэтам пяцігодкі. Усе даручэнні ключавым службовым асобам вертыкалі ўлады кожны з вас павінен няўхільна выконваць", — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

Ён звярнуў увагу, што "ўсе органы ўлады павінны глыбока разумець важнасць узгодненых дзеянняў пры вырашэнні пастаўленых перад краінай задач". "Вышэйшыя службовыя асобы нясуць большую, чым члены ўрада, адказнасць за сітуацыю ў краіне, тое ж самае і знізу — губернатары. Таму давайце будзем дзейнічаць у адной звязцы для таго, каб краіна развівалася, а не глядзець коса на ўрад, — заклікаў кіраўнік дзяржавы. — Раз`яднанасці пры выкананні задач, якія перад намі стаяць, быць не павінна".

Лукашэнка запатрабаваў кардынальнага паляпшэння якасці дзяржаўнага кіравання. "Беларуская эканоміка заўсёды працавала і будзе працаваць у няпростых, цяжкіх умовах. Нам няма чым з вамі падстрахавацца. Абвастрэнне пратэкцыянізму, грубае парушэнне міжнародных правілаў гандлю, барацьба за доступ да тэхналогій, рэсурсаў, рынкаў збыту — гэта новая рэальнасць і тыя ўмовы, у якіх нам даводзіцца жыць", — адзначыў ён. Свет становіцца ўсё больш нацыяналістычным, і кожная краіна хоча выжыць сама па сабе. "А значыць, ва ўсіх планах з гэтага і зыходзьце", — запатрабаваў беларускі кіраўнік.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН