Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/02/945459_12345/
Дата раздрукоўкі: 27.05.2019 06:10
02.03.2018 14:38 Эканоміка, Палітыка

У Крамлі разлічваюць, што ў пытанні паставак беларускага харчавання ў Расію будзе дасягнуты кампраміс

Мінск, 2 сакавіка. У Крамлі разлічваюць на дасягненне кампрамісу паміж Расіяй і Беларуссю па пастаўках прадуктаў харчавання.

2 сакавіка на брыфінгу ў Маскве прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў выказаў надзею на тое, што праблема з пастаўкамі беларускай прадукцыі ў Расію будзе вырашаная.

Пяскоў падкрэсліў, што Расія і Беларусь — гэта адзіная саюзную дзяржава, якая ўваходзіць у Еўразійскі эканамічны саюз. "Паміж двума найбліжэйшымі саюзнікамі непазбежна часам узнікаюць спрэчкі. У выніку дыялогу кожны раз атрымліваецца іх ўрэгуляваць", — цытуе прэс-сакратара Пуціна ТАСС. "Разлічваем, што будзе дасягнутае паразуменне і на гэты раз, і з часам мы вырашым і гэтую сітуацыю таксама", — дадаў ён.

26 лютага Рассельгаснагляд увёў часовыя абмежаванні на пастаўкі малака і некаторых іншых відаў беларускай малочнай прадукцыі, сцвярджаючы, што ў ёй выяўленая "найбольшая колькасць парушэнняў". Пад абмежаванні патрапілі: малако і вяршкі пастэрызаваныя, стэрылізаваныя і ультрапастэрызаваныя налівам; малако і вяршкі сухія, канцэнтраваныя, кансерваваныя і згушчаныя; сыроватка малочная наліўная, канцэнтраваная, сухая; канцэнтрат сыроватачнага і малочнага бялку.

Праблема абмяркоўвалася 1 сакавіка на рабочай сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з віцэ-прэм'ерам Беларусі Міхаілам Русым. "Хачу сказаць, што без адказу такія рэчы не застануцца. Мы проста трываць гэта не будзем. Таму што мяне спецслужбы інфармуюць, што завезлі з Новай Зеландыі ці аднекуль сухое малако (гэта іх справа), з'явіліся лішкі, і яны пачынаюць нас прытрымліваць, пакуль рэалізуюць тое малако па высокіх цэнах. Таму ім не падабаецца таннае малако", — заявіў Лукашэнка.

У той жа дзень начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Мінсельгасхарча Беларусі Аляксей Багданаў паведаміў журналістам, што беларускі бок спадзяецца ўрэгуляваць пастаўкі прадукцыі ў Расію да 6 сакавіка.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН