Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/02/945469_12345/
Дата раздрукоўкі: 29.01.2020 15:20
02.03.2018 15:33 Эканоміка, Фінансы

Лукашэнка: Прадпрыемствы павінны забяспечыць чысты продаж валюты, а не выпампоўваць яе з краіны

Мінск, 2 сакавіка. Прадпрыемствы павінны забяспечваць чысты продаж валюты, а не выпампоўваць яе з краіны. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка 2 сакавіка падчас справаздачы ўрада, Нацыянальнага банка, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама аб выніках працы эканомікі за 2017 год і задачах па забеспячэнні ўстойлівага эканамічнага росту.

Кіраўнік дзяржавы закрануў тэму інструментаў фінансавай і грашова-крэдытнай палітыкі. "Нацыянальны банк — гэта заканадаўца работы банкаўскай сістэмы. Больш за тое, пры прызначэнні кіраўніка Нацбанка Паўла Калаура былі дадзеныя надзвычайныя паўнамоцтвы. Дзейнічайце. Вы павінны ствараць такія ўмовы, якія спачатку вырашалі б праблемы эканамічнага росту і толькі потым рабілі банкаўскі бізнес прывабным. А пакуль у нас больш выгадна гандляваць грашыма, чым вырабляць прадукцыю. Гэта няправільна", — цытуе кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба.

"Вы бачыце, што не цісну на вас па стаўках. Як толькі адчуеце, што можна апусціць яе ніжэй, дзейнічайце. Але галоўнае — перад гэтым вы павінны пераканаць усіх у тым, што падтрыманне нізкай інфляцыі з`яўляецца прыярытэтам эканамічнай палітыкі ў бягучым перыядзе і такім застанецца і ў будучыні", — працягнуў Лукашэнка.

Пры гэтым, на яго думку, важна дабіцца гэтага не толькі на паперы, але і ў жыцці. "Ваша задача — каб рост цэн для насельніцтва перастаў быць праблемай нумар адзін. Пакуль інфляцыйныя чаканні насельніцтва высокія. Амаль 90% упэўненыя, што тавары і паслугі будуць расці. Гэта ненармальна", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

"Мне вельмі не падабаецца, што вы па-свойму інтэрпрэтавалі задачу па золатавалютных рэзервах, абмежаваўшыся шасцю мільярдамі долараў да канца 2018 года. Гэта не так. Можа, трэба і больш", — сказаў ён і дадаў, што рост золатавалютных рэзерваў — важная задача, забяспечыць рашэнне якой трэба, але не толькі за кошт пазыковых грошай.

Нагадаем, за 2017 год золатавалютныя рэзервы Беларусі ў вызначэнні стандарту МВФ павялічыліся на 2,4 млрд долараў (на 48,5%) да 7 млрд 315,3 млн долараў ЗША (у эквіваленце).

За студзень гэтага года ЗВР Беларусі скараціліся амаль на 840 млн долараў з-за пагашэння знешніх і ўнутраных абавязацельстваў.

Паводле асноўных кірункаў грашова-крэдытнай палітыкі на 2018 год аб`ём ЗВР Беларусі на 1 студзеня 2019 года павінен скласці не менш за 6 млрд долараў ЗША.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН