Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/03/945596_558964/
Дата раздрукоўкі: 29.01.2020 15:23
03.03.2018 12:58 Грамадства, Эканоміка

Міністэрства аховы здароўя запатрабавала выключыць з абыходу назвы аптэк, якія не адпавядаюць пазначаным у ліцэнзіі

Мінск, 3 сакавіка. Міністэрства аховы здароўя Беларусі запатрабавала выключыць з абыходу назвы аптэк, якія не адпавядаюць пазначаным у ліцэнзіі і пасведчанні аб дзяржаўнай рэгістрацыі. Пра гэта гаворыцца ў лісце ад 23 лютага да юрыдычных асоб, падпісаным міністрам Валерыем Малашкам і апублікаваным на афіцыйным сайце Міністэрства аховы здароўя.

У ведамстве звярнулі ўвагу, што ў краіне павялічылася колькасць аптэк з такімі назвамі на шыльдах і ў светлавой рэкламе, як "Аптэка ашчадных", "Любімая аптэка", "Доктар А", "Доктар До", "Еўрааптэка", "Альфа-аптэка", "Клапатлівая аптэка", "Добрыя лекі", "Аптэка нізкіх цэн", "Аптэка аптовых цэн".

На думку Міністэрства аховы здароўя, "гэта ўводзіць у зман насельніцтва і прыводзіць да зваротаў грамадзян". "Выкарыстанне такіх таварных знакаў супярэчыць закону "Аб абароне правоў спажыўцоў" і не адпавядае патрабаванням належнай аптэчнай практыкі пастановы Міністэрства аховы здароўя ад 27 снежня 2006 года № 120", — гаворыцца ў лісце.

У ім згадана, што юрыдычныя асобы з ліцэнзіяй на фармацэўтычную дзейнасць пры размяшчэнні інфармацыі для насельніцтва, у тым ліку ў інтэрнэце, павінны выкарыстоўваць толькі назву арганізацыі, пазначаную ў ліцэнзіі і ў пасведчанні аб дзяржрэгістрацыі.

Міністэрства аховы здароўя з улікам меркавання Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю таксама звяртае ўвагу "на недапушчальнасць размяшчэння ў аптэках, інтэрнэце (на сайце tabletka.by і інш.) інфармацыі пра зніжэнне цэн на лекі і дадзеныя на іх скідкі".

"Кіраўнікам арганізацый, у назве якіх выкарыстоўваюцца таварныя знакі, якія не адпавядаюць назвам, пазначаным у ліцэнзіях на ажыццяўленне фармацэўтычнай дзейнасці, неабходна ў тэрмін да 15 сакавіка 2018 года падаць у Міністэрства аховы здароўя інфармацыю аб прынятых мерах па выключэнні такіх назваў", — запатрабавала Міністэрства аховы здароўя.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН