Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/05/945736_945737/
Дата раздрукоўкі: 31.05.2020 06:42
05.03.2018 11:06 Эканоміка

Рассельгаснагляд: Пастаўкі фальсіфікаванай малочнай прадукцыі з Беларусі набылі сістэмны характар

Мінск, 5 сакавіка. Пастаўкі фальсіфікаванай малочнай прадукцыі з Беларусі набылі сістэмны характар, гаворыцца ў паведамленні Рассельгаснагляду, размешчаным на яго афіцыйным сайце.

Як адзначае ведамства, зафіксаваны чарговы такі выпадак. "У гэты раз лабараторыямі Рассельгаснагляду выяўлена наяўнасць сухога малака ў пітных вяршках, вырабленых ААТ "Мілкавіта", — гаворыцца ў паведамленні. — Гэта ўжо другі выпадак увозу фальсіфікаванай прадукцыі гэтай кампаніі на тэрыторыю Расіі".

Акрамя таго, паведамляе ведамства, у малацэ канцэнтраваным абястлушчаным ААТ "Мілкавіта" знойдзены оксібендазол. Раней у дачыненні да названага прадпрыемства Рассельгаснаглядам быў усталяваны рэжым узмоцненага лабараторнага кантролю. У сувязі з неаднаразовым парушэннем расійскага заканадаўства, а таксама заканадаўства ЕАЭС, ведамства прыняло рашэнне аб увядзенні часовых абмежаванняў на пастаўкі прадукцыі названай кампаніі з 6 сакавіка 2018 года.

Акрамя таго, па аналагічных прычынах парушэння расійскага заканадаўства, а таксама заканадаўства ЕАЭС пры пастаўках прадукцыі жывёльнага паходжання з Беларусі ў Расію Рассельгаснагляд увёў шэраг мер абмежавальнага і папераджальнага характару. Так, уводзіцца ўзмоцнены лабараторны кантроль у дачыненні да шэрагу прадпрыемстваў, у тым ліку ААТ "Бабруйскі мясакамбінат" (выяўленне бактэрый групы Listeria monocytogenes у ялавічыне астуджанай); ААТ "Малако", вытворчы цэх гарадскога пасёлка Шуміліна (выяўленне альбендазолу сульфону, альбендазолу сульфаксіду, оксібендазолу); ААТ "Слуцкі мясакамбінат" (выяўленне сальманел у ялавічыне бескасцёвай астуджанай).

6 сакавіка ўводзяцца часовыя абмежаванні на пастаўкі прадукцыі прадпрыемства СТАА "Старфуд" з-за паўторнага выяўлення даксіцыкліну ў каўбасных вырабах.

ААТ "Мілкавіта", заяўляюць у ведамстве, стала ўжо трэцім на мінулым тыдні прадпрыемствам, якое спрабавала ўвезці фальсіфікаваную малочную прадукцыю. Раней аналагічныя парушэнні былі выяўлены ў двух іншых прадпрыемстваў: УПП "Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат" і ААТ "Слуцкі сыраробны камбінат. Салігорскі філіял". У дакументах усіх трох прадпрыемстваў быў пазначаны адрас расійскіх кампаній, куды павінна была быць пастаўлена прадукцыя, але, як паказала ўнутранае расследаванне Рассельгаснагляду, ні па адным адрасе прадукцыя не паступіла. "Гэта сведчыць аб наяўнасці ашуканскіх схем пры пастаўках малочнай прадукцыі з Беларусі", — заяўляе ведамства.

Рассельгаснагляд таксама зафіксаваў факт нелегальных паставак малочнай прадукцыі з Кыргызстана, дзе фігуруе прадпрыемства з беларускімі каранямі. Так, 2 сакавіка інспектарамі ўпраўлення Рассельгаснагляду па Арэнбургскай вобласці на расійска-казахстанскім участку мяжы Арэнбургскай вобласці спынены незаконны ўвоз больш як 40 тон сухога малака. Тры грузавыя аўтамабілі з гэтай прадукцыяй прыбылі з ААТ "Ак-Сут" (Кант, Кыргызстан) і везлі яе ў адрас прадпрыемства ТАА "Белруспрадукт" (Масква).

Пры правядзенні кантролю ўстаноўлена, што груз перавозіўся з парушэннем патрабаванняў заканадаўства Мытнага саюза ў частцы яго маркіроўкі. На частцы грузу маркіроўка адсутнічала, частка грузу мела відавочныя прыкметы перамаркіроўкі. Пробы сухога малака накіраваныя ў лабараторыю Рассельгаснагляду для правядзення даследаванняў гэтай прадукцыі.

З 2 сакавіка 2018 года ў дачыненні да ААТ "Ак-Сут" Рассельгаснагляд увёў часовыя абмежаванні на пастаўкі прадукцыі на тэрыторыю Расіі.

Раней ААТ "Ак-Сут" неаднаразова парушала расійскае заканадаўства пры ўвозе прадукцыі, заяўляе ведамства. Пры гэтым Рассельгаснагляд адзначае, што ТАА "Белруспрадукт" прапаноўвае толькі беларускія прадукты.

Улічваючы неаднаразовыя спробы ўвозу малочнай прадукцыі з Кыргызстана ў Расію з парушэннем расійскага заканадаўства, Рассельгаснагляд 5 сакавіка абмяркуе магчымасць увядзення абмежаванняў на пастаўкі сухога малака з усіх прадпрыемстваў Кыргызстана, паведамляе ведамства.

Служба таксама прааналізавала нелегальныя пастаўкі прадукцыі з Казахстана і прыйшла да высновы, што ўсе яны звязаны з пастаўкамі рознай прадукцыі з Беларусі.

Рассельгаснагляд заяўляе, што "накіруе ў кампетэнтныя органы спіс расійскіх трэйдараў і атрымальнікаў беларускай сыравіны, якія могуць быць датычныя да вытворчасці на тэрыторыі Расіі фальсіфікаванай малочнай прадукцыі пры выкарыстанні няякаснай беларускай малочнай сыравіны". Улічваючы адсутнасць магчымасці прасачыць за прадукцыяй, якая паступае з Беларусі, Рассельгаснагляд "лічыць неабходным правесці праверку расійскіх трэйдараў і атрымальнікаў такой сыравіны", гаворыцца ў паведамленні.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239