Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/05/945762_945763/
Дата раздрукоўкі: 31.05.2020 07:47
05.03.2018 12:10 Эканоміка, Фінансы

Амаль 80% пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці прыпадае на дзяржсектар

Мінск, 5 сакавіка. На пачатак 2018 года 78,6% усёй пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці, назапашанай у эканоміцы, прыйшлося на прадпрыемствы з дзяржаўным капіталам. Такія дадзеныя апублікаваныя ў бюлетэні аб асноўных паказчыках дзейнасці сектара дзяржаўных арганізацый, які падрыхтаваў Нацыянальны статыстычны камітэт.
На 1 студзеня 2018 года пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасць прадпрыемстваў з дзяржкапіталам склала 5,55 млрд рублёў (па ўсёй эканоміцы — 7,06 млрд рублёў). У бюлетэні паведамляецца, што найбольшы аб'ём пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці ў прадпрыемстваў дзяржсектара сканцэнтраваны ў прамысловасці (3,33 млрд).

У бюлетэні таксама паведамляецца, што доля пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці ў агульнай суме дэбіторскай запазычанасці прадпрыемстваў з дзяржкапіталам на 1 студзеня 2018 года склала 27%. Найбольшая доля пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці сфарміравалася ў прадпрыемстваў з дзяржкапіталам у Магілёўскай вобласці (38,3%), а найменшая ў Мінску і Гомельскай вобласці — 25,2% і 21,7% адпаведна.

Генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк у пачатку гэтага года паведаміў журналістам, што праблема пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці па-ранейшаму знаходзіцца "ў цэнтры ўвагі" пракуратуры.

Тэма пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці на вышэйшым дзяржаўным узроўні была паднятая ў верасні мінулага года. Тады Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з удзелам сілавых ведамстваў заявіў, што ўзровень пратэрмінаванай знешняй дэбіторскай запазычанасці беларускіх прадпрыемстваў з'яўляецца вельмі вялікім. "Мы сёння бярэм крэдыты пад пэўныя працэнты, а нямала соцень мільёнаў долараў боўтаецца за межамі краіны — неаплачаных за пастаўленыя тавары і паслугі", — канстатаваў Лукашэнка.

Неўзабаве пасля гэтага пад старшынствам Аляксандра Канюка адбылася нарада па пытаннях скарачэння знешняй пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці і вяртання валютнай выручкі ў краіну. Там было заяўлена, што адной з асноўных крыніц знешняй пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці з'яўляюцца ўласныя тавараправодныя сеткі дзяржпрадпрыемстваў.

Паводле звестак Генпракуратуры, беларускія прадпрыемствы, з'яўляючыся заснавальнікамі тавараправодных сетак, не прымалі неабходнага ўдзелу ў іх кіраванні і не забяспечылі належнага кантролю за іх фінансава-гаспадарчай дзейнасцю. Як высветліла пракуратура, прадукцыя прадпрыемстваў нярэдка пастаўлялася суб'ектам тавараправодных сетак для стварэння бачнасці выканання даведзеных паказчыкаў па разгрузцы складоў.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239