Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/05/945772_945773/
Дата раздрукоўкі: 31.05.2020 06:20
05.03.2018 13:57 Эканоміка, Палітыка, Грамадства

Лукашэнка даручыў мясцовым органам улады кантраляваць на прыватных прадпрыемствах узровень заробкаў і захаванне правоў чалавека

Мінск, 5 сакавіка. Мясцовыя органы ўлады павінны звяртаць асаблівую ўвагу на развіццё эканомікі рэгіёнаў, заявіў Аляксандр Лукашэнка 5 сакавіка, даючы згоду на назначэнне на пасады новых кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.

"Не будзе вытворчасці, не будзе занятасці людзей, не будзе ніякай зарплаты. А нам патрэбныя нармальныя заробкі. Вы думайце, як не проста захаваць вытворчасць, а каб яна была рэнтабельнай, каб пазбегнуць гэтых страт. Таму паспрабуйце аб'яднаць усё ў адзіны кулак і атрымаць вынік. Эканоміка і яшчэ раз эканоміка — гэта найважнейшае пытанне", — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

У прыклад беларускі кіраўнік прывёў сітуацыю на сельскагаспадарчых прадпрыемствах. Паводле яго слоў, многія з іх да гэтага часу не развіваюцца "так, як хацелася б". З іншага боку, падкрэсліў ён, у Беларусі ёсць вялікая колькасць паспяховых вытворчасцяў. "Гэты год вызначальны, таму давайце арганізуем працу так, пачынаючы з пасяўной кампаніі, каб кожны дзень прыбаўляць", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Асаблівую ўвагу Лукашэнка звярнуў на працу з кадрамі, у тым ліку на прыватных прадпрыемствах. "Так, няхай яны займаюцца вытворчасцю. Вы толькі кантралюйце заработную плату, каб яна была там адпаведнай, і правы чалавека павінны быць забяспечаны: перш за ўсё праца, зарплата, школа, сацыяльная сфера. Кадравае пытанне на тэрыторыі раёна — гэта ваша пытанне. Ніякага паслаблення за кантролем кіраўнікоў прадпрыемстваў, якой бы ўласнасцi яны ні належалі — прыватнай ці дзяржаўнай", — адзначыў ён.

Лукашэнка таксама папярэдзіў новых кіраўнікоў мясцовых органаў улады аб адказнасці за карупцыйныя злачынствы. "Беларусь — асаблівая краіна, тут прывыклі да сумленнасці, прыстойнасці і справядлівасці. І мы гэта заўсёды падтрымлівалі з моманту развалу Савецкага Саюза. Нашы людзі нязвыклыя да таго, што нехта на іх вачах будзе абкрадаць іх і паводзіць сябе несумленна толькі таму, што ён ва ўладзе. Гэта недапушчальна, і я ад гэтай палітыкі ніколі не адыду", — заявіў афіцыйны лідар.

Лукашэнка "падрабязна пацікавіўся, як развіваюцца раёны, у якіх з'явяцца новыя кіраўнікі, якія праблемы існуюць у гэтых рэгіёнах і ці знойдзены шляхі іх вырашэння". Ён даручыў разабрацца з праблемнымі прадпрыемствамі, пракантраляваць запуск новых аб'ектаў і навесці парадак у тых сферах, у якіх ёсць хібы. Кіраўнік дзяржавы паабяцаў, што на працягу года наведае шэраг раёнаў і пракантралюе, як выконваюцца яго даручэнні.

"Памятайце адно: уладу растапыранымі пальцамі ніхто не трымае. Улада павінна быць у адным кулаку. Як толькі мы дзесьці завагаемся, выпусцім працэсы з-пад кантролю, мы атрымаем варыянт, як у нашых суседзяў. Таму ўлада ёсць улада, але ніякага самадурства . Глядзіце, каб на вас не пакрыўдзіліся людзі, і не рабіце таго, з-за чаго потым будзе сорамна не толькі вам, але і вашым дзецям", — заявіў Лукашэнка.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239