Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/05/945779_945780/
Дата раздрукоўкі: 20.06.2018 20:39
05.03.2018 14:17 Грамадства, Спорт

Міністрам спорту і турызму прызначаны Сяргей Кавальчук

Мінск, 5 сакавіка. Міністрам спорту і турызму Беларусі прызначаны былы супрацоўнік Службы бяспекі прэзідэнта Сяргей Кавальчук. Адпаведнае рашэнне прыняў 5 сакавіка Аляксандр Лукашэнка, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.
Сяргей Кавальчук нарадзіўся 14 жніўня 1968 года ў сяле Журавок Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. У 1989 годзе скончыў Адэскае вышэйшае артылерыйскае каманднае вучылішча, у 1999-м — Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь. З 1989 па 2004 гады служыў ва Узброеных сілах. З 2004 года — супрацоўнік Службы бяспекі прэзідэнта. Узнагароджаны ордэнам "За службу Радзіме" III ступені, медалямі "За бездакорную службу" I, II і III ступеняў.

Папярэдні міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко, які ўзначальваў міністэрства з 2012 года, быў адхілены ад пасады 15 лютага "за непрыняцце дзейсных мер па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі правапарушэннямі ў падведамасных арганізацыях". Звальненне Шамко звязанае з затрыманнем паводле падазрэння ў атрыманні хабару дырэктара мінскага Палаца спорту Сяргея Прановіча. "Нядаўна такія (карупцыйныя. — БелаПАН.) злачынствы былі выяўленыя ў Палацы спорту. Яго кіраўнік браў хабар ад тых, хто жадаў арандаваць плошчы для продажу тавараў. Дайшло да таго, што прыйшлі манашкі свечкі прадаць, ён да іх зачапіўся", — растлумачыў сваё рашэнне аб адстаўцы міністра Лукашэнка 16 лютага.

Шамко адкамандзіраваны назад у Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, дзе працаваў да кіравання Мінспортам.

Прызначаючы Кавальчука міністрам, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў беларускім спорце пакуль больш праблем, чым поспехаў.

Паводле слоў Лукашэнкі, на гэтую пасаду прызначаны талковы ваенны чалавек, таму што ў галіне неабходна навесці парадак. "Генерал не спрацаваў, таму бралі ніжэй, хоць не вельмі нізка", — цытуе прэзідэнта БелТА.

Лукашэнка адзначыў, што развіццю спартыўнай сферы ў Беларусі надаецца вялікая ўвага, бо перамога атлета — гэта свайго роду ідэалогія. "Пакуль у нас у спорце больш праблем, чым перамог і поспехаў. Думай, глядзі, з кім працаваць, будуй сістэму. Але галоўнае — там не хапае дысцыпліны. Трэнерскі склад працуе агідна, за выключэннем некаторых", — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, каб стымуляваць трэнераў да больш прадуктыўнай працы, вырашана павысіць ім зарплату. Але і нагрузка будзе адпаведнай, дадаў Лукашэнка. "Зарплату трэба трэнерам павышаць, мы ўжо паволі пачалі ў асобных відах спорту гэта рабіць і пройдземся па ўсіх відах, якія сёння функцыянуюць. Павысім зарплату, але ў кожнага трэнера павінен быць расклад, як у настаўніка ў школе ці выкладчыка ў ВНУ", — сказаў ён.

Лукашэнка даручыў новаму міністру выбудаваць ўзаемаадносіны са спартыўнымі федэрацыямі, правільна іх загрузіць.

Важна таксама займацца прапагандаваннем спорту ў масах, падкрэсліў ён. У якасці прыкладу Лукашэнка прывёў нядаўнія спаборніцтвы сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне "Снежны снайпер" — фінальны этап спаборніцтваў сабраў вялікую колькасць удзельнікаў, а для гледачоў была падрыхтаваная насычаная забаўляльная праграма.

"Зараз юнацкі чэмпіянат свету па біятлоне праходзіць — сорамна глядзець. Нуль чалавек на трыбунах, для каго гэтыя людзі выступаюць? У нас праводзілі гэты чэмпіянат — мора людзей было. Вядома, людзей трэба запрашаць", — заявіў Лукашэнка.

Ён таксама даручыў новаму міністру надаць асаблівую ўвагу падрыхтоўцы нарады па развіцці зімовых відаў спорту.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН