Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/05/945795_996847/
Дата раздрукоўкі: 09.08.2020 06:17
05.03.2018 14:32 Эканоміка

Рассельгаснагляд перанёс на 15 сакавіка ўвядзенне забароны на ўвоз беларускай малочнай сыравіны

Мінск, 5 сакавіка. Рассельгаснагляд перанёс на 15 сакавіка ўвядзенне забароны на ўвоз беларускай малочнай сыравіны. Гэта вынікае з паведамлення, апублікаванага 5 сакавіка на сайце расійскага ведамства.

26 лютага Рассельгаснагляд увёў часовыя абмежаванні на пастаўкі малака і некаторых іншых відаў беларускай малочнай прадукцыі, сцвярджаючы, што ў ёй выяўленыя "найбольшая колькасць парушэнняў". Пад абмежаванні трапілі: малако і вяршкі пастэрызаваныя, стэрылізаваныя і ўльтрапастэрызаваныя налівам; малако і вяршкі сухія, канцэнтраваныя, кансерваваныя і згушчаныя; сыроватка малочная наліўная, канцэнтраваная, сухая; канцэнтрат сыроватачнага і малочнага бялку.

"Партыі тавараў малочнай сыравіны, якія паступілі на часовыя кантрольныя ветэрынарныя пункты, размешчаныя на расійска-беларускім участку мяжы, пасля 15 сакавіка 2018 года будуць вернутыя ў Беларусь", — гаворыцца ў сённяшнім паведамленні Рассельгаснагляда.

У пачатку мінулага тыдня беларуская ўрадавая дэлегацыя наведала Маскву, дзе правяла перамовы з расійскімі калегамі. Паводле іх вынікаў дзеянне забароны было перанесенае на 6 сакавіка.

1 сакавіка на рабочай сустрэчы з віцэ-прэм'ерам Беларусі Міхаілам Русым Аляксандр Лукашэнка заявіў: "Хачу сказаць, што без адказу такія рэчы не застануцца. Мы проста цярпець гэта не будзем. Таму што мяне спецслужбы інфармуюць, што завезлі з Новай Зеландыі ці аднекуль сухое малако (гэта іх справа), з'явіліся лішкі, і яны пачынаюць нас прытрымліваць, пакуль рэалізуюць тое малако па высокіх цэнах. Таму ім не падабаецца таннае малако".

2 сакавіка на брыфінгу ў Маскве прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў выказаў надзею, што праблема з пастаўкамі беларускай прадукцыі ў Расію будзе вырашаная. Ён падкрэсліў, што Расія і Беларусь — гэта адзіная саюзная дзяржава, якая ўваходзіць у Еўразійскі эканамічны саюз. "Паміж двума найбліжэйшымі саюзнікамі непазбежна часам узнікаюць спрэчкі. У выніку дыялогу кожны раз атрымліваецца іх ўрэгуляваць. Разлічваем, што будзе дасягнутае разуменне і гэтым разам, і з часам мы вырашым і гэтую сітуацыю таксама", — адзначыў прэс-сакратар Пуціна.

У прэс-службе Мінсельгасхарча Беларусі БелаПАН паведамілі, што сёння ў Маскве працягваюцца перамовы па ўрэгуляванні пытання паставак малака ў Расію. Беларускую дэлегацыю ўзначальвае намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання — дырэктар дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Іван Смільгінь.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239