Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/05/945805_945806/
Дата раздрукоўкі: 09.08.2020 05:57
05.03.2018 14:45 Эканоміка, Фінансы, Грамадства

Эксперт: Ацэнка інфляцыі насельніцтвам Беларусі істотна вышэйшая за афіцыйныя дадзеныя

Мінск, 5 сакавіка. Ацэнка інфляцыі насельніцтвам Беларусі істотна вышэйшая за афіцыйныя дадзеныя, паведаміў фінансавы кансультант форэкс-кампаніі TeleTrade (ТАА "ТэлетрэйдБел") Міхаіл Грачоў, аналізуючы апублікаваны Нацыянальным банкам 5 сакавіка другі бюлетэнь інфармацыйнага апытання насельніцтва аб інфляцыйных чаканнях.

Гэта новая форма сацыяльнага апытання, якое праводзіць рэгулятар з восені 2017 года. Апытанне праведзена метадам асабістага інтэрв'ю па месцы жыхарства грамадзян Беларусі, якім больш за 18 гадоў. У ім узялі ўдзел 1.000 рэспандэнтаў. Анкета ўключала тры блокі пытанняў: цэны, пакупкі і зберажэнні.

Вынікі другога апытання мінімальна лепшыя чым першага, але ў цэлым сведчаць аб тым, што ацэнка інфляцыі насельніцтвам істотна вышэйшая за афіцыйныя дадзеныя, звярнуў увагу Грачоў.

У лютым насельніцтва ацаніла інфляцыю на ўзроўні 12,4% (ацэнка ў лістападзе 2017 года — 12,9%), афіцыйная інфляцыя ў гэты ж перыяд склала прыкладна 4,5%.

Эксперт указвае: ацэнка таго, што інфляцыя вырасла вельмі моцна, знізілася ў лютым 2018 года ў 47,9% апытаных супраць 51,8% у лістападзе 2017 года. Чаканне таго, што інфляцыя будзе расці гэтак жа інтэнсіўна, мінімальна знізілася ў 59,8% апытаных (люты 2018 года) супраць 60,8% (лістапад 2017 года).

Амаль такая ж карціна па пакупках і зберажэннях беларусаў. Сённяшні час імі ацэньваецца як дрэнны для буйных пакупак і пакупак у крэдыт. Амаль палова (45,4%) рэспандэнтаў адказалі, што буйных пакупак не рабілі. Для таго, каб рабіць зберажэнні, сённяшні час названы таксама не самым лепшым, большасць апытаных адказалі, што трымаюць зберажэнні ў наяўнай замежнай валюце.

У цэлым можна казаць, што інфляцыйныя настроі беларусаў істотна не змяніліся, лічыць фінансавы кансультант. Але ёсць, на яго думку, і невялікія пазітыўныя змены, якія нельга не адзначыць. Гэта павышэнне долі апытаных, якія зберажэнні захоўваюць у нацыянальнай валюце ў процівагу замежнай. Першых стала 29,3% у апошнім апытанні супраць 25,6% у лістападзе 2017 года. І другое — павелічэнне попыту на нерухомасць як форму зберажэння (18,8% у лютым 2018 года супраць 16,3% у лістападзе мінулага).

"Фактычна інфляцыйныя чаканні няхай павольна, але дрэйфуюць у бок паляпшэння. Беларусь каля трох гадоў жыве ва ўмовах стабільнай фінансавай сістэмы. Стабілізаваўся курс беларускага рубля, афіцыйная інфляцыя знаходзіцца на гістарычных мінімумах. Цяпер асноўная задача кіраўніцтва дзяржавы — дамагчыся стабільнага росту даходаў насельніцтва пры захаванні наяўных цэн спажывецкага рынку", — падсумаваў эксперт.

Варта адзначыць, што Аляксандр Лукашэнка 2 сакавіка ў ходзе справаздачы ўрада і Нацбанка назваў рост цэн "праблемай нумар адзін" для насельніцтва. "Людзям усё роўна, якая ў нас у краіне сярэдняя інфляцыя. Яны робяць высновы па цэнах на тавары, якія купляюць кожны дзень. А там рост як мінімум на 8—10% за год. А калі паслугі сюды дадаць, то і больш, а не 4,5 ці 6%. Таму рост цэн для насельніцтва па-ранейшаму з'яўляецца праблемай нумар адзін. Маё патрабаванне да кіраўніка Нацбанка, як і чатыры месяцы таму, — скарачэнне інфляцыйных чаканняў", — заявіў Лукашэнка.

Па выніках 2017 года зафіксавана самая нізкая ў гісторыі суверэннай Беларусі інфляцыя — 4,6%.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239