Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/05/eu_945749_945750/
Дата раздрукоўкі: 22.06.2018 08:29
05.03.2018 11:45 Культура, Грамадства, Беларусь — Еўрасаюз

Да Дня франкафоніі пасольства Францыі ў Беларусі падрыхтавала серыю мерапрыемстваў у галіне гастраноміі, тэатра, музыкі, гісторыі і кіно

Мінск, 5 сакавіка. Да Дня франкафоніі і французскай мовы, які адзначаецца ва ўсім свеце 20 сакавіка, пасольства Францыі ў Беларусі падрыхтавала шэраг мерапрыемстваў у галіне гастраноміі, тэатра, музыкі, гісторыі і кіно.

Як адзначае прэс-служба пасольства Францыі, свята франкафоніі спрыяе развіццю і папулярызацыі франкамоўных культур з дапамогай самых разнастайных культурных мерапрыемстваў.

Так, увечары 5 сакавіка ў рэстаране-бровары "Сябры" пройдзе канцэрт французскай групы Le Bal des Martinne, 10 сакавіка ў вялікай зале Белдзяржфілармоніі адбудзецца канцэрт Дзяржаўнага камернага аркестра Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Яўгена Бушкова з удзелам вядомага скрыпача Нікаля Датрыкура (Францыя) і віяланчэліста Мікаэля Самсонава (Беларусь — Германія).

Фотавыстава "Падарожжа па Франкафоніі" пройдзе з 5 па 28 сакавіка ў зале чакання аддзела віз пасольства Францыі. "Гэтая выстава дазволіць публіцы адкрыць для сябе цудоўныя фатаграфіі маладога француза Фларыяна Карубі (добраахвотніка ЮНЕСКА ў Беларусі), зробленыя ім падчас яго шматлікіх падарожжаў па краінах франкафоніі", — адзначаецца ў паведамленні.

7 сакавіка ў Французскай медыятэцы пройдзе "Гадзіна казкі", прысвечаная Канадзе. Падчас мерапрыемства часовы павераны ў справах Канады ў Польшчы Джэрэмі Уолес прадставіць франкамоўным школьнікам казку вядомага канадскага аўтара Рока Кар'е. Пасля прагляду анімацыйнага кароткаметражнага фільма пад назвай "Швэдар", прадстаўленага Нацыянальным саветам Швейцарыі па кінематаграфіі, Уолес раскажа аб Канадзе, канадскай літаратуры і адкажа на пытанні маленькіх франкафілаў.

20 сакавіка ў Брэсцкай філармоніі адбудзецца канцэрт французскага піяніста Аліўе Мулена. "Французскі музыкант здзівіць брэсцкую публіку віртуознай інтэрпрэтацыяй твораў кампазітараў Ліста, Дэбюсі і Равеля", — падкрэслівае прэс-служба пасольства Францыі.

Пасол Францыі Дзідзье Канес 21 сакавіка сустрэнецца за сняданкам з 15 франкамоўнымі студэнтамі мінскіх ВНУ для "дыскусіі на надзённыя тэмы".

У гэты ж дзень французскі дыпламат адкрые гастранамічную вячэру "Смак Францыі". Мерапрыемства праводзіцца ў Беларусі ўжо чацвёрты раз, у ім возьмуць удзел 14 мінскіх і адзін гомельскі рэстаран, а таксама кулінарная школа "O ede.by". Кожны з рэстаранаў распрацаваў меню з улікам усёй шматграннасці, вытанчанасці і самабытнасці французскай кухні.

28 сакавіка ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце адбудзецца гала-канцэрт у гонар Дня франкафоніі.

З падрабязнай праграмай мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня франкафоніі, можна азнаёміцца на сайце пасольства Францыі.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН