Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/06/945922_12345/
Дата раздрукоўкі: 20.06.2018 20:41
06.03.2018 09:51 Спорт

Кавальчук: Выпадковых людзей у Мінспорту не будзе

Мінск, 6 сакавіка. Намеснік прэм'ер-міністра Васіль Жарко ўвечары 5 сакавіка прадставіў калектыву Міністэрства спорту і турызму новага кіраўніка Сяргея Кавальчука.

Віцэ-прэм'ер ахарактарызаваў новага міністра як чалавека адказнага, пунктуальнага і прыстойнага, паведаміла прэс-служба ведамства.

"Сяргей Міхайлавіч здольны і гатовы выканаць ускладзеныя на яго няпростыя задачы, а памочнікамі ў яго будзеце ўсе вы. У тым ліку і старшыні федэрацый, кіраўнікі апякунскіх саветаў", — сказаў Жарко.

Ён таксама адзначыў, што ў краіне вельмі шмат зроблена для развіцця спорту вышэйшых дасягненняў, масавага спорту, будуюцца новыя аб'екты, але, на жаль, вынікі выступленняў на міжнародных спаборніцтвах не заўсёды радуюць.

Паводле слоў віцэ-прэм'ера, новаму міністру трэба будзе страсянуць галіну, забяспечыўшы правядзенне адзінай дзяржаўнай палітыкі ў сферы фізічнай культуры, спорту і турызму, а таксама жорсткі кантроль расходавання бюджэтных сродкаў.

Сярод ключавых задач — падрыхтоўка спартыўнага рэзерву, работа па прапагандзе здаровага ладу жыцця, развіццё дзіцяча-юнацкага спорту.

"Такія спаборніцтвы, як "Снежны снайпер", якія адбыліся напярэдадні, павінны прайсці па ўсіх відах спорту. Спачатку ў рэгіёнах, затым на рэспубліканскім узроўні", — заявіў Жарко.

У сваю чаргу Кавальчук адзначыў, што згода ўзначаліць спартыўную галіну далася яму няпроста. "Я раіўся з людзьмі, чыё меркаванне шаную і якія з'яўляюцца для мяне аўтарытэтнымі і глыбока паважанымі. Я паспрабую разам з вамі, з тымі, хто добрасумленна і сумленна працуе на карысць айчыннага спорту, якасна выканаць задачы, якія стаяць перад міністэрствам", — сказаў новы кіраўнік ведамства.

Кавальчук заявіў, што, хоць і не з'яўляецца прафесійным атлетам, спортам займаецца ўсё свядомае жыццё, асабліва любіць валейбол, футбол, лыжныя гонкі, настольны тэніс. Паводле яго слоў, з 50 пражытых гадоў 33 гады прысвяціў службе ва Узброеных сілах, дзе нагрузка не меншая, а часцей за ўсё значна большая, чым у спорце.

"Я выстаўляю высокія, жорсткія патрабаванні да самога сябе, але такія ж патрабаванні будуць і да ўсіх, хто працуе побач. Выпадковых людзей у Мінспорту не будзе. Мне спатрэбіцца час, каб ва ўсім дасканала разабрацца, але абапірацца буду на прафесіяналаў, людзей кампетэнтных, абазнаных", — падкрэсліў Кавальчук.

Сяргей Кавальчук быў прызначаны міністрам спорту і турызму 5 сакавіка. Падчас назначэння Аляксандр Лукашэнка заявіў, што гэта — талковы ваенны чалавек, які павінен навесці ў галіне парадак. "Генерал не спрацаваў, таму бралі ніжэй, хоць не вельмі нізка", — сказаў афіцыйны лідар, маючы на ўвазе былога міністра спорту Аляксандра Шамко. Той быў адпраўлены ў адстаўку 15 лютага "за непрыняцце дзейсных мер па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі правапарушэннямі ў падведамасных арганізацыях". Генерал-маёр Шамко прыйшоў у Мінспорту з пасады намесніка міністра па надзвычайных сітуацыях і пасля звальнення адкамандзіраваны назад у МНС.

Лукашэнка адзначыў, што развіццю спартыўнай сферы надаецца вялікая ўвага, бо перамога атлета — гэта свайго роду ідэалогія. "Пакуль у нас у спорце больш праблем, чым перамог і поспехаў. Думай, глядзі, з кім працаваць, выбудоўвай сістэму. Але галоўнае — там не хапае дысцыпліны. Трэнерскі склад працуе вельмі дрэнна, за выключэннем некаторых", — заявіў беларускі кіраўнік.

Паводле яго слоў, каб стымуляваць трэнераў да больш прадукцыйнай працы, вырашана павысіць ім зарплату. Але і нагрузка будзе адпаведнай. Лукашэнка даручыў новаму міністру выбудаваць ўзаемаадносіны са спартовымі федэрацыямі, правільна іх загрузіць.

Сяргей Кавальчук нарадзіўся 14 жніўня 1968 года ў сяле Журавок Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. У 1989 годзе скончыў Адэскае вышэйшае артылерыйскае каманднае вучылішча, у 1999-м — Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь (камандна-штабны факультэт). З 1989 па 2004 гады служыў ва Узброеных сілах (служыў у Генеральным штабе, быў намеснікам начальніка штаба ракетных войскаў і артылерыі). З 2004 года — супрацоўнік Службы бяспекі прэзідэнта. Узнагароджаны ордэнам "За службу Радзіме" III ступені, медалямі "За бездакорную службу" I, II і III ступеняў. Службу пачынаў на Чукотцы, у пасёлку Мыс Шміта.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН