Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/06/945972_12345/
Дата раздрукоўкі: 20.06.2018 20:39
06.03.2018 14:12 Спорт, Грамадства

Лукашэнка адкрыў у Мінску цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па мастацкай гімнастыцы

Мінск, 6 сакавіка. Аляксандр Лукашэнка 6 сакавіка ўзяў удзел у адкрыцці Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па мастацкай гімнастыцы (Палац гімнастыкі).

Як паведамляе прэс-служба беларускага прэзідэнта, удзел у цырымоніі ўзялі алімпійскія чэмпіёнкі беларуска Марына Лобач і расіянка Аліна Кабаева, старшыня Беларускай асацыяцыі гімнастыкі Алена Скрыпель, кіраўнік Мінгарвыканкама Андрэй Шорац, прэзідэнт Еўрапейскага саюза гімнастыкі Фарыд Гаібаў, галоўны трэнер нацыянальнай каманды Беларусі па мастацкай гімнастыцы Ірына Ляпарская, вядомыя беларускія гімнасткі і трэнеры, юныя спартсменкі.

Лукашэнка адзначыў, што Палац гімнастыкі стаў сімвалічным падарункам для прадстаўніц гэтага віду спорту да надыходзячага Міжнароднага дня жанчын. "Мне абсалютна не шкада тых грошай, якія мы ўклалі ў гэты цудоўны будынак", — сказаў Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падзякаваў усім, хто меў дачыненне да ўзвядзення гэтага цэнтра. Асаблівую ўдзячнасць ён выказаў будаўнікам. "Вось тут вы малайцы. Дамовіліся мы менш за год таму, што да 8 Сакавіка мы падорым гэтым выдатным дзяўчатам, іх бацькам, усім тым, хто сёння займаецца і адказвае за мастацкую гімнастыку, такі выдатны і ўтульны палац, і мы гэта зрабілі. Я вельмі рэдка хвалю будаўнікоў, але вялікі вам дзякуй", — сказаў Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што мастацкую гімнастыку ў Беларусі не крыўдзяць, хоць раней у спартсменаў гэтага віду і не было такога палаца, дзяржава заўсёды знаходзіла магчымасць для арганізацыі трэніровак. "Я хацеў, каб вы тут не толькі працавалі, праца спартсмена жудасная, я гэта ведаю па сабе. Ведаю, як цяжка вам, асабліва маленькім. Я хацеў, каб вы тут і аднавіцца маглі, і адпачыць, — сказаў Лукашэнка. — Таму жывіце у гэтым доме дружна, мірна, працуйце, трэніруйцеся, адпачывайце, мы за вас будзем перажываць".

Кіраўнік дзяржавы таксама пажадаў юным гімнасткам, каб яны ніколі не атрымлівалі жорсткіх траўмаў. Акрамя гэтага, на думку Лукашэнкі, важна не заціскацца і не напружваць сябе псіхалагічна. "Калі вы гэтую праблему ў сабе вырашыце, вы сапраўды будзеце чэмпіёнкамі і свету, і Алімпійскіх гульняў", — заявіў Лукашэнка.

Наведваючы Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па мастацкай гімнастыцы, Лукашэнка падрабязна азнаёміўся з яго функцыянальнымі магчымасцямі. Ён агледзеў залы для заняткаў груп пачатковай падрыхтоўкі, залы харэаграфіі, трэніравальны і трэнажорны залы, а таксама пакой адпачынку для спартсменак і басейн з цэнтрам. Лукашэнка цікавіўся, наколькі абсталяванне закупленае ў цэнтр сучаснае і ці будзе хапаць гімнасткам магчымасцяў для паўнавартасных трэніровак. Яго запэўнілі, што спартыўны комплекс адпавядае ўсім неабходным сусветным стандартам і ў ім створаныя ўсе ўмовы, адзначае прэс-служба.

Удзельнікі ўрачыстага адкрыцця Палаца гімнастыкі паглядзелі паказальныя выступленні беларускіх гімнастак. Напрыканцы мерапрыемства гімнасткі падарылі Лукашэнку карціну "Мары здзяйсняюцца!". Яна была створаная падчас выканання аднаго з нумароў пры дапамозе залатога пылу. На карціне намаляваны новы спартыўны комплекс.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН