Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/06/945973_945979/
Дата раздрукоўкі: 09.08.2020 05:12
06.03.2018 14:40 Эканоміка

Данкверт прагназуе новыя праблемы з пастаўкамі беларускай прадукцыі ў Расію

Мінск, 6 сакавіка. Кіраўнік Федэральнай службы па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе РФ (Рассельгаснагляд) Сяргей Данкверт прагназуе ўзнікненне новых цяжкасцяў для беларускіх вытворцаў пры пастаўках прадукцыі ў Расію пасля 1 ліпеня.
"Трэба зразумець, што пытанні электроннага прасочвання неабходна вырашыць, — заявіў ён у інтэрв`ю тэлеканалу "Россия 4", паказаным 6 сакавіка. — Вось наступіць 1 ліпеня, мы электронныя ветсертыфікаты будзем мець. А беларуская прадукцыя як будзе заязджаць — на падставе папяровых? А ў нас іх ужо нікуды не запішаш, у нас яны павінны быць у электронным выглядзе. Мы не будзем на мяжы выпраўляць і ўносіць папяровыя сертыфікаты ў электронны выгляд, у нас на гэта людзей няма". Такая прадукцыя не будзе прапушчаная на расійскі рынак, падкрэсліў Данкверт.

Між тым у Мінску разлічваюць, што беларуская і расійская сістэмы нагляду за жывёлагадоўчай прадукцыі будуць сінхранізаваныя да 1 чэрвеня. Пра гэта заявіў начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Аляксей Багданаў 1 сакавіка на міжнародным форуме "Беларусь аграрная".

Паводле яго слоў, летась у Беларусі была распрацаваная ўласная праграма "Беларуская інфармацыйная сістэма ідэнтыфікацыі і прасочвання за жывёламі і прадукцыяй жывёльнага паходжання", якая зараз праходзіць тэставанне. Рэалізуюцца пілотныя праекты на базе Брэсцкага і Гродзенскага мясакамбінатаў, а таксама малочных прадпрыемстваў "Савушкавы прадукт" і "Бабулін гладыш".

"Наша сістэма будзе адаптаваная да расійскай сістэмы "Меркурый". Гэта стане наступным крокам да стварэння агульнага рынку, дазволіць прасочваць і пазбягаць выпадкаў фальсіфікацыі тавараў, у тым ліку малочных і мясных. Яна зніжае колькасць прэтэнзій ад любой краіны, у якую пастаўляецца прадукцыя", — сказаў Багданаў.

На яго думку, укараненне нацыянальнай сістэмы будзе нескладаным, бо ў краіне ўжо амаль на 100% укаранёная электронная ідэнтыфікацыя жывёлы.

Аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма ідэнтыфікацыі, рэгістрацыі, прасочвання жывёлы і прадукцыі жывёльнага паходжання Animal Identification Traceability System (AITS) распрацаваная Міжгаліновым навукова-практычным цэнтрам сістэм ідэнтыфікацыі і электронных справавых аперацый Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

У цяперашні час Беларусь і Расія спрабуюць урэгуляваць праблему паставак беларускай малочнай прадукцыі на расійскі рынак. Рассельгаснагляд абвясціў пра ўвядзенне часовых абмежаванняў на пастаўкі такой прадукцыі, палічыўшы яе небяспечнай. Першапачаткова абмежаванні планавалася ўвесці 26 лютага, потым тэрмін быў перанесены на 6 сакавіка, пазней — на 15-е. Перамовы на гэтую тэму працягваюцца.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239