Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/06/945986_889966/
Дата раздрукоўкі: 09.08.2020 16:56
06.03.2018 15:22 Эканоміка

Данкверт абвінавачвае беларускія прадпрыемствы па перапрацоўцы малака ў пастаўках фальсіфікату ў Расію праз пасрэднікаў

Мінск, 6 сакавіка. Беларускія малакаперапрацоўчыя прадпрыемствы, у дачыненні да якіх Рассельгаснагляд мае намер ўвесці санкцыі, пастаўляюць у Расію фальсіфікаваную прадукцыю ў выглядзе сыравіны для далейшай перапрацоўкі праз расійскіх пасрэднікаў, зарэгістраваных у Бранскай і Смаленскай абласцях, заявіў кіраўнік Федэральнай службы па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе РФ (Рассельгаснагляд) Сяргей Данкверт у інтэрв'ю тэлеканалу "Россия 24", паказаным 6 сакавіка.

Зараз, нагадаем, Беларусь і Расія спрабуюць урэгуляваць праблему паставак беларускай малочнай прадукцыі на расійскі рынак. Рассельгаснагляд абвясціў пра ўвядзенне часовых абмежаванняў на пастаўкі такой прадукцыі, палічыўшы яе небяспечнай. Першапачаткова абмежаванні планавалася ўвесці 26 лютага, потым тэрмін быў перанесены на 6 сакавіка, пазней — на 15-е. Перамовы на гэтую тэму працягваюцца.

Данкверт падкрэсліў, што сам ён у перамовах не ўдзельнічае, бо ў Беларусі праваахоўныя органы паводле даручэння Аляксандра Лукашэнкі праводзяць праверку яго дзеянняў на пасадзе кіраўніка службы на наяўнасць у іх складу крымінальнага злачынства.

"Перамовы гэтыя праходзяць. Уся сітуацыя, якая склалася сёння, — гэта вынік доўгай працы. Мы паднялі нашы лісты з 2016 года: па сённяшні дзень мы напісалі нашым беларускім калегам 71 ліст з рознымі папярэджаннямі, просьбамі ўзмацніць кантроль, заклапаціцца сітуацыяй. Нашы беларускія калегі з прычыны нейкіх пэўных рэчаў нешта рабілі, нешта не рабілі, таму, калі мы пачалі выяўляць большае, мы сталі прымаць меры. Гэтыя меры мы сталі прымаць да той прадукцыі, якая наносіць больш за ўсё шкоды і якая ідзе ў перапрацоўку", — сказаў Данкверт.

Паводле яго слоў, спецыялісты Рассельгаснагляда высветлілі, што вялікая колькасць фальсіфікаваных сухіх малочных прадуктаў, а таксама наліўнога малака канцэнтраванага і вяршкоў абястлушчаных пастаўляюцца на адрас расійскіх прадпрыемстваў, якія зарабляюць грошы як пасрэднікі, перапрадаючы сыравіну непасрэдна вытворцам. "Пастаўлялася канцэнтраванае і абястлушчанае малако са слядамі раслінных тлушчаў", — растлумачыў Данкверт.

У такой сітуацыі, паводле яго слоў, расійскія перапрацоўшчыкі выраблялі прадукцыю з фальсіфікату, "самі таго не разумеючы". "А калі ўваходны кантроль слабы, тады атрымліваецца такая вось сітуацыя", — дадаў кіраўнік Рассельгаснагляда.

У лютым мінулага года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў дачыненні да кіраўніка Рассельгаснагляда Сяргея Данкверта трэба распачаць крымінальную справу. "Усе гэтыя Данкверты — людзі зацікаўленыя, у кожнага з іх велізарныя латыфундыі. Яны самі з'яўляюцца вытворцамі таго ці іншага прадукту. Або недзе "крышуюць", або недзе ўласнікі. Але ні па цане, ні па якасці не могуць канкураваць з беларускай прадукцыяй. Таму ўсталёўваюцца гэтыя бар'еры", — сказаў Лукашэнка.

Праз чатыры дні пасля гэтага МУС Беларусі заявіла, што праводзіцца шэраг даследчых праверак па дзеяннях, якія змяшчаюць прыкметы дыскрэдытацыі дзелавой рэпутацыі беларускіх прадпрыемстваў.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239