Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/07/946102_558701/
Дата раздрукоўкі: 28.10.2020 14:42
07.03.2018 11:34 Грамадства, Палітыка

БАЖ: У Беларусі працягваецца судовы пераслед журналістаў-фрылансараў, якія супрацоўнічаюць з "Белсатам"

Мінск, 7 сакавіка. У Беларусі працягваецца судовы пераслед журналістаў-фрылансараў, якія супрацоўнічаюць з польскім тэлеканалам "Белсат" без акрэдытацыі ў МЗС, на падставе артыкула 22.9 КоАП (незаконны выраб прадукцыі СМІ), паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Так, фрылансар з Віцебскай вобласці Дзмітрый Лупач зноў пакараны штрафам. Суддзя суда Шаркаўшчынскага раёна Аксана Табола 6 сакавіка прыняла рашэнне аштрафаваць журналіста на 23 базавыя велічыні (563,5 рубля). У сюжэце, за падрыхтоўку якога пакараны Лупач, гаворка ішла пра нізкія зарплаты ў раёне. Для журналіста гэта ўжо трэці з пачатку года штраф на падставе артыкула 22.9 КоАП.

Таксама 6 сакавіка былі аштрафаваныя фрылансары Вольга Чайчыц і Андрэй Козел, якія супрацоўнічаюць з "Белсатам", — на 35 базавых велічынь кожны (857,5 рубля). Гаворка ідзе пра падрыхтаваны ў Фаніпалі ў студзені сюжэт аб праблемах даўгабудаў.

Паводле звестак БАЖ, з пачатку 2018 года ў Беларусі за "незаконны выраб прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі" ўжо вынесеныя 16 рашэнняў аб штрафах у дачыненні да дзевяці журналістаў на 552 базавыя велічыні (13.524 рублі).

У 2017 годзе было 69 выпадкаў прыцягнення журналістаў да адказнасці на падставе артыкула 22.9 КоАП.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239