Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/07/946160_946161/
Дата раздрукоўкі: 22.06.2018 08:27
07.03.2018 15:29 Грамадства, Палітыка

Актывісты руху "За Свабоду" падалі заяўкі на правядзенне 25 сакавіка ў гонар 100-годдзя БНР мерапрыемстваў у Віцебску, Магілёве, Слуцку і Баранавічах

Мінск, 7 сакавіка. Актывісты руху "За Свабоду" падалі заяўкі на правядзенне 25 сакавіка ў гонар 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі мерапрыемстваў у Віцебску, Магілёве, Слуцку і Баранавічах, паведамляе прэс-служба арганізацыі.

У Віцебску пададзена заяўка на правядзенне мітынгу і канцэрта, у Магілёве — пікета ў цэнтры горада, у Слуцку фармат святкавання пакуль не вызначаны, у Баранавічах актывісты плануюць правесці ў цэнтры горада вулічны фестываль і мітынг.

Як паведамлялася, раней актывістамі руху была пададзена заяўка на правядзенне святочных мерапрыемстваў у Брэсце.

Традыцыйна, 25 сакавіка, у неафіцыйны Дзень Волі, асноўныя мерапрыемствы запланаваны ў Мінску. Так, першую заяўку на святкаванне 100-годдзя БНР падалі ў Мінгарвыканкам 25 студзеня прадстаўнікі 13 партый і арганізацый. Яны прасілі дазволіць правядзенне дэманстрацыі, мітынгу і канцэрта ў цэнтры горада. Сталічныя ўлады забаранілі святкаванне ў такім фармаце, абгрунтаваўшы сваё рашэнне тым, што заяўнікі дапусцілі шэраг парушэнняў заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

Яшчэ адна заяўка была пададзена 28 лютага прадстаўнікамі пяці арганізацый (Аб'яднаная грамадзянская партыя, аб'яднанне "БНФ "Адраджэньне", рух "За Свабоду", Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) і асветніцкая ўстанова "Амарока"). 2 сакавіка яны наведалі Мінгарвыканкам, дзе ім быў дадзены станоўчы адказ: у сталіцы каля опернага тэатра пройдзе мітынг і канцэрт. Адначасова была пададзена новая заяўка на правядзенне шэсця. Адказу на яе пакуль не было.

Акрамя таго, 7 сакавіка ў гарвыканкам пададзена чарговая, ужо трэцяя па ліку, заяўка на правядзенне ў гэты дзень у цэнтры гораду шэсця. Правядзенне акцыі ініцыявана апазіцыйным палітыкам Мікалаем Статкевічам, не згодным з дазволеным уладамі фарматам мерапрыемства. У заяўцы ўтрымліваецца просьба дазволіць шэсце ад плошчы Якуба Коласа па праспекце Незалежнасці да плошчы Перамогі, а затым па вуліцах Кісялёва і Багдановіча да опернага тэатра. Гэты маршрут адрозніваецца ад таго, які быў раней дадаткова запытаны некалькімі арганізацыямі, — ад сквера Янкі Купалы да опернага тэатра.

Таксама асобны мітынг з канцэртам плануе правесці 24 сакавіка ў Кіеўскім скверы сталіцы Кансерватыўна-хрысціянская партыя — БНФ. Дазвол гарадскіх уладаў на правядзенне акцыі атрыманы.

Дзень Волі 25 сакавіка адзначае дэмакратычная грамадскасць Беларусі, афіцыйна гэтага свята ў краіне няма. Незалежнасць БНР была абвешчаная ў ноч на 25 сакавіка 1918 года. Многія гісторыкі лічаць, што менавіта перыяд БНР стаў першым этапам дзяржаўнага станаўлення беларускай нацыі.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН