Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/07/946179_557489/
Дата раздрукоўкі: 09.08.2020 17:05
07.03.2018 16:18 Эканоміка

МЗС РФ: "Ваенных дзеянняў" паміж Расіяй і Беларуссю па малочнай прадукцыі няма

Мінск, 7 сакавіка. Ніякіх "ваенных дзеянняў" паміж Расіяй і Беларуссю па малаку і малочнай прадукцыі няма, заявіла афіцыйны прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Расіі Марыя Захарава 7 сакавіка на брыфінгу ў Маскве.
"Я не выявіла ніякіх "ваенных дзеянняў" паміж Расіяй і Беларуссю па малаку і малочнай прадукцыі. Пра гэта ў прынцыпе не можа быць і гаворкі, узаемныя пастаўкі харчовых тавараў і сельскагаспадарчай сыравіны з'яўляюцца найважнейшым артыкулам гандлю паміж нашымі краінамі, нашымі саюзнымі дзяржавамі", — цытуе Захараву ТАСС.

Паводле яе слоў, згодна з вынікамі 2017 года расійскі імпарт з Беларусі гэтай катэгорыі прадукцыі, у якім значную долю займаюць пастаўкі малака, павялічыўся на 12,2% да больш як 4 млрд долараў.

"Дынаміка станоўчая. Натуральна, што пры такіх аб'ёмах гандлю часам з'яўляюцца і асобныя праблемныя моманты. Галоўнае, што яны вырашаюцца па лініі профільных органаў Расіі і Беларусі, перш за ўсё міністэрстваў сельскай гаспадаркі, якія знаходзяцца ў пастаянным кантакце адзін з адным у мэтах найхутчэйшага зняцця ўзніклых пытанняў", — растлумачыла Захарава.

Яна выказала ўпэўненасць, што і гэтым разам усе пытанні будуць урэгуляваныя. "Мы заклікаем менавіта так ацэньваць гэтую сітуацыю, устрымацца ад усялякіх жахлівых эпітэтаў, тым больш яны не адлюстроўваюць рэальную сітуацыю, — падкрэсліла прадстаўнік МЗС. — А яна можа ахарактарызавацца як узаемавыгаднае, канструктыўнае расійска-беларускае ўзаемадзеянне, якое развіваецца, у сферы гандлю харчовымі таварамі".

Мінск і Масква спрабуюць урэгуляваць праблему паставак беларускай малочнай прадукцыі на расійскі рынак. Рассельгаснагляд абвясціў пра ўвядзенне часовых абмежаванняў на пастаўкі такой прадукцыі, палічыўшы яе небяспечнай. Першапачаткова абмежаванні планавалася ўвесці 26 лютага, потым тэрмін быў перанесены на 6 сакавіка, пасля — на 15-е. Перамовы на гэтую тэму працягваюцца.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239