Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/10/946304_946305/
Дата раздрукоўкі: 22.06.2018 08:31
10.03.2018 12:22 Грамадства

Для расследавання прычын НЗ на "Беларуськаліі" створаная камісія

Мінск, 10 сакавіка. Для расследавання прычын НЗ на "Беларуськаліі" створаная камісія. Двое рабочых, якія апынуліся пад заваламі ў шахце, да гэтага часу не знойдзеныя.
Як паведамляе сайт ААТ "Беларуськалій", пад завал патрапілі машыніст горных выемачных машын Максім Іваноў 1973 года нараджэння і горнарабочы ачышчальнага забою Дзмітрый Валькоў 1985 года нараджэння.

Паведамляецца таксама, што раптоўны выкід солі і газу адбыўся 9 сакавіка "на падземным горным участку № 10 рудніка 3-га рудаўпраўлення у змену з 11.50 да 18.50, пры выкананні комплексам ПКС-8 № 4 засечкі на тэхналагічную збойку 22-б заходняга слупа гарызонту -620 м. Інтэнсіўнасць выкіду склала каля 600 м3 горнай масы". Праходчы камбайн і самаходны вагон, у якім знаходзіліся двое рабочых, былі цалкам засыпаны выкінутай пародай.

"Горнавыратавальнікі і службы рудніка вядуць работы па расчыстцы завалу. На гэты час рабочыя не знойдзеныя. Створаная камісія для расследавання прычын і акалічнасцяў раптоўнага выкіду", — гаворыцца ў паведамленні.

Нагадаем, інфармацыя аб НЗ на "Беларуськаліі" паступіла ў МНС 9 сакавіка ў 18.30. Перад тым як пачаць работы па разборцы завалаў, работнікі ваенізаванай горнавыратавальнай часці прадпрыемства правялі разгазаванне гэтага ўчастка для зніжэння канцэнтрацыі пароў метану ў паветры.

У канцы лютага газета "Калийщик Солигорска" паведамляла, што на рудніку 3-га рудаўпраўлення "вядуцца горна-падрыхтоўчыя работы для далейшай адпрацоўкі выемачнага слупа з прымяненнем эксперыментальнай тэхналогіі". "На гэты момант праходчы комплекс ПКС-8 № 4 выконвае комплекс работ па праходцы горных вырабатак 22б заходняга слупа для будучай адпрацоўкі гэтага ўчастка лавай № 11-4. Падрыхтоўку гэтага слупа праходчая брыгада пачала ў пачатку 2017 года", — пісала газета.

Адзначалася таксама, што "галоўнай асаблівасцю работ на гэтым участку шахтнага поля з`яўляецца тое, што слуп будзе адпрацаваны эксперыментальным забоем".

"Гэта першая на рудніку РУ-3 доследная лава, якая працуе па эксперыментальнай тэхналогіі выемкі пакінутых запасаў карыснага выкапня ў падпрацаваным 4-м сільвінітавым пласце і міжслупавым цаліку. Гэтыя запасы былі пакінутыя ў шахце ў 1980-х гадах пасля адпрацоўкі слаёў з высокім утрыманнем калій-хлор у рудзе і з найменшымі тэхналагічнымі стратамі, — адзначаў "Калийщик Солигорска". — З кожным этапам праходкі горных выпрацовак даводзіцца прымаць рашэнні па дадатковым мацаванні горных вырабатак, мяняць меры аховы, параметры мацавання, а таксама праходзіць новыя даследчыя вырабаткі: гэта значыць адмаўляцца ад дзейных вырабатак і пераходзіць на іншыя. Навуковае суправаджэнне работ, якія праводзяцца на рудніку, ажыццяўляюць спецыялісты Інстытута горнай справы — вядуць назіранне за станам горных вырабатак, выконваюць неабходныя замеры і іншае".
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН