Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/12/946439_12345/
Дата раздрукоўкі: 22.06.2018 08:30
12.03.2018 11:07 Грамадства

Паводле слоў гендырэктара "Беларуськалія", шахцёры, якія трапілі пад завал 9 сакавіка, памерлі імгненна

Мінск, 12 сакавіка. Машыніст горных выемачных машын Максім Іваноў і горнарабочы ачышчальнага забою Дзмітрый Валькоў, загінулыя 9 сакавіка на Старобінскім калійным радовішчы ў выніку раптоўнага выкіду солі і газу, памерлі імгненна, паведаміў генеральны дырэктар "Беларуськалія" Іван Галаваты. Відэа з яго каментарам аб падрабязнасцях у сувязі з трагедыяй апублікаванае на афіцыйным сайце прадпрыемства.

Галаваты нагадаў, што "на 29-й заходняй панэлі на гарызонце -620 м рудніка 3-га рудаўпраўлення адбылося абвальванне парод даху". "Абвальванне парод даху адбылося з выдзяленнем метану, — распавёў гендырэктар. — У гэты момант пад завалам знаходзіліся двое рабочых, яны вялі работы па праходцы горнай выпрацоўкі. <...> Ужо літаральна праз 25 хвілін пасля першага паведамлення аб тым, што выпрацоўка загазаваная і адбылося абвальванне даху, на аварыйны ўчастак прыбылі горнавыратавальнікі, якія распачалі разгазоўванне горных выпрацовак. Былі адноўленыя ўсе вентыляцыйныя перамычкі, усе будынкі. Такім чынам, у самы кароткі тэрмін былі прынятыя ўсе меры па аднаўленні якаснага складу паветра, каб можна было пачаць работы па разборцы завалаў".

"На жаль, не атрымалася нам [выратаваць шахцёраў]... Напэўна, і нельга сказаць, што ў нас бы атрымалася, ацэньваючы тую сітуацыю, у якой знаходзіліся людзі. У выніку мы знайшлі пацярпелых. Яны знаходзіліся пад той рудой, якая была выкінутая з даху, і знаходзіліся побач з абсталяваннем. Смерць наступіла імгненна, у долі секунды, калі адбылося абрушэнне даху", — сказаў Галаваты. Целы загінулых былі вынятыя ў ноч на 11 сакавіка.

Кіраўнік "Беларуськалія" таксама адзначыў, што Старобінскае радовішча адносіцца да ліку небяспечных па выдзяленні газу. "Кожнай з`яве звычайна папярэднічаюць нейкія прыкметы. У той момант іх не было. Людзі не змаглі зрэагаваць на прыбліжэнне небяспекі, пры гэтым яны апынуліся ў зоне абвалу", — адзначыў ён.

Як паведамлялася раней, для расследавання прычын інцыдэнту створаная спецыяльная камісія. Па факце надзвычайнага здарэння распачатая справа па артыкуле 303 Крымінальнага кодэкса (парушэнне правілаў бяспекі горных работ).
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН