Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/12/946586/
Дата раздрукоўкі: 22.06.2018 08:28
12.03.2018 19:46 Грамадства

Кампанія БелаПАН стала генеральным партнёрам Свята Незалежнасці — стагоддзя абвяшчэння БНР

Мінск, 12 сакавіка. Беларуская інфармацыйная кампанія БелаПАН стала генеральным партнёрам Свята Незалежнасці 25 Сакавіка.

"Абвяшчэнне БНР — адна з важнейшых дат беларускай гісторыі, адзін з мацнейшых камянёў у падмурку незалежнасці нашай краіны. Далучыць да святкавання 25 Сакавіка як мага больш людзей, пераўтварыць Дзень Волі ў агульнанацыянальнае свята — гэта не проста даніна памяці продкам, што змагаліся за свабоду, але і гарантыя нашага суверэнітэту на будучыню. А для інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, равесніцы Рэспублікі Беларусь, незалежнасць нашай Айчыны заўсёды была і будзе найбольшай каштоўнасцю, дзеля якой варта жыць і працаваць", — адзначыў заснавальнік і дырэктар БелаПАН Алесь Ліпай.

Стагоддзе абвяшчэння БНР будзе святкавацца 25 сакавіка па ўсей Беларусі. Заяўкі на адпаведныя мерапрыемствы пададзеныя дэмакратычнымі арганізацыямі шмат у якіх гарадах.

Самае буйное свята адбудзецца ў Мінску. На пляцоўцы ля Вялікага тэатра пройдуць мітынг і вялікі канцэрт. Святкаванне мае афіцыйны дазвол ад гарадскіх уладаў. Легітымным гэтым разам таксама будзе выкарыстанне нацыянальнай бел-чырвона-белай сімволікі.

Незалежнасць БНР была абвешчаная ў ноч на 25 сакавіка 1918 года. Многія гісторыкі лічаць, што менавіта перыяд БНР быў першым этапам дзяржаўнага станаўлення беларускай нацыі. Урад Беларускай Народнай Рэспублікі прыкладаў шмат намаганняў для арганізацыі нацыянальных інстытутаў. З'явіўся пашпарт грамадзяніна БНР, была ўзаконеная дзяржаўная сімволіка — бел-чырвона-белы сцяг і герб "Пагоня", у шэрагу краін Еўропы адкрыліся дыппрадстаўніцтвы БНР.

Інфармацыйная кампанія БелаПАН заснаваная ў 1991 годзе. Спецыялізуецца на навінах і аператыўнай аналітыцы. Выдае анлайн-газету Naviny.by.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН