Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/13/946624_12345/
Дата раздрукоўкі: 23.06.2018 13:00
13.03.2018 10:51 Палітыка, Эканоміка

МЗС: Беларусь зацікаўленая ў пашырэнні супрацоўніцтва з ШАС, МАГАТЭ і ААН у забеспячэнні бяспекі і эканамічнага развіцця

Мінск, 13 сакавіка. Беларусь зацікаўленая ў пашырэнні сумеснай работы з Шанхайскай арганізацыяй супрацоўніцтва (ШАС), Міжнародным агенцтвам па атамнай энергіі (МАГАТЭ) і ААН па пытаннях забеспячэння бяспекі і эканамічнага развіцця. Пра гэта заявіў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Дапкюнас 12 сакавіка ў Вене (Аўстрыя) на мерапрыемстве высокага ўзроўню "ААН і ШАС у барацьбе супраць наркотыкаў: агульныя пагрозы, сумесныя дзеянні".

Як паведамляе прэс-служба МЗС, у сваім выступе Дапкюнас інфармаваў аб выніковым удзеле Беларусі сумесна з партнёрамі па АДКБ у маштабных антынаркатычных аперацыях "Канал", накіраваных на супрацьдзеянне пранікненню незаконных наркотыкаў на тэрыторыю дзяржаў — членаў АДКБ. Дыпламат заклікаў да актывізацыі ўзаемадзеяння паміж АДКБ і ШАС па пытаннях процідзеяння сусветнай праблеме наркотыкаў.

Таксама Дапкюнас сустрэўся з намеснікам гендырэктара МАГАТЭ, дырэктарам дэпартамента тэхнічнага супрацоўніцтва Дажу Янгам. Прадстаўнік Беларусі пацвердзіў, што механізмы тэхнічнага супрацоўніцтва МАГАТЭ з'яўляюцца важным інструментам перадачы і ўкаранення перадавых ідэй, тэхналогій і вопыту ў ядзернай вобласці. Выказаў задавальненне тым, што па лініі праграмы тэхнічнага супрацоўніцтва МАГАТЭ Беларусь рэалізавала маштабныя праекты па ўмацаванні і развіцці нацыянальнага патэнцыялу ў галіне мірнага выкарыстання атамнай энергіі. Бакі дамовіліся аб далейшым развіцці ўзаемадзеяння Беларусі з агенцтвам, у тым ліку аб узгадненні і падпісанні у 2018 годзе краінавых рамак супрацоўніцтва на перыяд да 2021 года.

Таксама адбылася сустрэча Дапкюнаса з Гендырэктарам ААН па прамысловым развіцці (ЮНІДА) Лі Ёнгам. Суразмоўцы абмеркавалі статус і перспектывы супрацоўніцтва Беларусі з ЮНІДА, у тым ліку рэалізацыю ў Беларусі праектаў тэхнічнай дапамогі па лініі гэтай арганізацыі. Лі Ёнг запэўніў у актыўнай падтрымцы намаганняў Беларусі па мадэрнізацыі прамысловасці і ўкараненні інавацыйных тэхналогій. Гендырэктар ЮНІДА пачуў пра ініцыятыву Беларусі па прасоўванні ў ААН інтарэсаў краін з сярэднім узроўнем даходу, уключаючы арганізацыю ўвосень гэтага года ў Нью-Ёрку (ЗША) пасяджэння высокага ўзроўню ААН, прысвечанага абмеркаванню ўкладу гэтай катэгорыі краін у выкананне Парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года. Таксама бакі падрабязна абмеркавалі падрыхтоўку сакратарыятам ЮНІДА праекта стратэгічных рамак супрацоўніцтва арганізацыі з краінамі з сярэднім узроўнем даходу.

Дапкюнас таксама сустрэўся з намеснікам памочніка дзяржсакратара ЗША па міжнародных пытаннях, звязаных з наркотыкамі і праваахоўнай дзейнасцю, Джэймсам Уолшам. Было адзначана паспяховае супрацоўніцтва паміж Беларуссю і ЗША па лініі праваахоўных органаў. Абмеркаваны пытанні міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы барацьбы з наркотыкамі, а таксама магчымасці пашырэння двухбаковага ўзаемадзеяння ў праваахоўнай сферы.
Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН