Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/13/946655_12345/
Дата раздрукоўкі: 23.06.2018 13:01
13.03.2018 13:18 Палітыка, Эканоміка

Лукашэнка: Беларусь мае намер рэалізаваць усе дамоўленасці з Індыяй на вышэйшым узроўні

Мінск, 13 сакавіка. Беларусь мае намер рэалізаваць усе дамоўленасці з Індыяй на вышэйшым узроўні, заявіў Аляксандр Лукашэнка 13 сакавіка на сустрэчы з індыйскім паслом Панкаджам Саксенам з нагоды завяршэння яго дыпламатычнай місіі ў Мінску, паведамляе прэс-служба беларускага прэзідэнта.

Лукашэнка адзначыў, што індыйскі дыпламат адносіцца да ліку тых паслоў, якія зрабілі значны ўнёсак ва ўмацаванне двухбаковых адносін. На яго думку, Cаксена зрабіў шмат для таго, каб зблізіць дзве краіны.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на важнасць абмену візітамі на вышэйшым узроўні, падчас якіх удалося дамагчыся важных дамоўленасцяў, закліканых пашырыць кантакты паміж Беларуссю і Індыяй.

Лукашэнка заявіў пра зацікаўленасць Беларусі ў індыйскіх інвестыцыях. "Калі ў вас будзе такое жаданне, а мы вам ужо прапаноўвалі, мы гатовыя даць магчымасці і неабходныя прэферэнцыі для стварэння ў Беларусі індыйскага тэхналагічнага парку", — сказаў ён.

Лукашэнка лічыць важным стварэнне сумесных з Індыяй прадпрыемстваў для вытворчасці тавараў, у тым ліку ў галіне машынабудавання і сельгастэхнікі. "Павінен быць сустрэчны рух", — падкрэсліў ён.

У прыватнасці, гаворка ідзе пра тое, каб сумесныя беларуска-індыйскія прадпрыемствы ствараліся як у Індыі, так і ў Беларусі.

Панкадж Саксена, у сваю чаргу, падзякаваў Беларусі за падтрымку ў міжнародных арганізацыях.

У цэлым высока ацэньваючы развіццё беларуска-індыйскага супрацоўніцтва, пасол адзначыў: "У нас няма абсалютна ніякіх раздражняльнікаў у адносінах". Ён падкрэсліў, што перыяд яго дыпламатычнай місіі ў Мінску адзначаны найважнейшымі для двухбаковых адносінаў падзеямі. У прыватнасці, гэта візіт Аляксандра Лукашэнкі ў верасні 2017 года ў Індыю. Візіт спрыяў дэталёвай прапрацоўцы новых праектаў і дамоўленасцяў на вышэйшым узроўні.

"Гэтыя дамоўленасці надалі новы імпульс беларуска-індыйскім сувязям", — заявіў дыпламат.

Лукашэнка наведаў Індыю з афіцыйным візітам 11—12 верасня. Ён правёў перамовы з прэзідэнтам Індыі Рамам Натхам Кавіндам і прэм'ер-міністрам Нарэндрам Модзі. Бакі абмеркавалі развіццё беларуска-індыйскага супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай, палітычнай, навукова-тэхнічнай і гуманітарнай сферах, у галіне турызму. На перамовах таксама абмеркаванае ўзаемадзеянне Беларусі і Індыі ў фармаце еўразійскай інтэграцыі, новыя магчымасці для інвестыцыйнага супрацоўніцтва, паведаміла прэс-служба прэзідэнта Беларусі. Бакі абмяняліся думкамі па актуальных пытаннях міжнароднага парадку дня. У дні візіту Лукашэнкі ў Індыю ў Нью-Дэлі прайшоў індыйска-беларускі бізнес-форум, на якім падпісана 10 пагадненняў, у тым ліку на пастаўку беларускай велікагрузнай тэхнікі.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН