Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/13/946679_512479/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2018 02:37
13.03.2018 14:13 Грамадства, Палітыка

"Міжнародная амністыя" занепакоеная станам здароўя беларускага вязня сумлення Дзмітрыя Паліенкі

Мінск, 13 сакавіка. Міжнародная праваабарончая арганізацыя "Міжнародная амністыя" (Amnesty International) абвясціла тэрміновую акцыю ў падтрымку беларускага вязня сумлення Дзмітрыя Паліенкі, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

Паводле інфармацыі прадстаўнікоў арганізацыі, 23-гадовы актывіст "апынуўся ва ўмовах, якія пагаршаюць стан яго здароўя", у прыватнасці звязаны з наяўнай астмай і адсутнасцю медыцынскай дапамогі ў вылячэні раны, якую ён атрымаў у калоніі. У "Міжнароднай амністыі" ёсць "пераканаўчыя звесткі пра тое, што адміністрацыя калоніі ізалявала Паліенку з мэтай уздзеяння на яго праз жорсткае абыходжанне, сярод карных мер — утрыманне ў адзіночнай камэры і скарачэнне ліміту грошай для асабістага карыстання". Падкрэсліваецца таксама, што ў зняволенага праблемы з атрыманнем і адпраўленнем карэспандэнцыі.

"Дзмітрыю Паліенку вельмі цяжка мець зносіны з вонкавым светам, бо яго сустрэчы з адвакатам і бацькам, а таксама ўся яго пошта кантралююцца і зведваюць цэнзуру з боку адміністрацыі калоніі. Нягледзячы на гэта, ён ясна даў зразумець, што прыблізна два месяцы таму атрымаў рану на назе, якая не загаілася, і што турэмны лекар адмаўляецца яго лячыць. Незразумела, якім чынам ён атрымаў гэтую рану. Дзмітрый Паліенка таксама пакутуе ад астмы. Адміністрацыя калоніі накіравала яго на вытворчасць, якая прадукуе шмат пылу, і гэта пагоршыла яго стан. Невядома, ці атрымлівае ён адэкватнае медыцынскае лячэнне з-за абвастрэння астмы, але яго блізкія сцвярджаюць, што не", — адзначаюць праваабаронцы.

Міжнародная арганізацыя заклікае "ўсіх неабыякавых людзей звяртацца да беларускіх уладаў, у тым ліку да адміністрацыі калоніі № 2 у Бабруйску, міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча і Генеральнай пракуратуры з просьбай неадкладна і безумоўна вызваліць Дзмітрыя Паліенку як вязня сумлення, пераслед якога звязаны выключна з ягонай мірнай дзейнасцю". Праваабаронцы таксама заклікаюць забяспечыць доступ вязню да медыцынскай дапамогі і гарантаваць яму ўмовы, якія не пагаршаюць стан яго здароўя.

12 кастрычніка 2016 года суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў Паліенку вінаватым у "гвалце або пагрозе гвалтам у дачыненні да супрацоўніка праваахоўных органаў" у адпаведнасці з арт. 364 Крымінальнага кодэкса. Паліенку абвінавацілі ў тым, што ён парваў куртку супрацоўніку міліцыі. Ён быў адзіным удзельнікам велапрабегу "Крытычная маса" 29 красавіка 2016 года, у дачыненні да якога была распачатая крымінальная справа. Да суда, які адбыўся ў кастрычніку 2016 года, ён на працягу пяці месяцаў знаходзіўся ў зняволенні. Падчас судовага працэсу супрацоўнік міліцыі прызнаў, што ён не ўпэўнены, што яго куртку сапраўды парваў Паліенка, а іншыя сведкі не змаглі даць супраць яго паказанні, нагадваюць праваабаронцы. Незадоўга да суда яму было выстаўленае дадатковае абвінавачанне ў "вырабе і распаўсюджванні парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару" на падставе ч. 2 арт. 343 КК.

Паліенка быў прызнаны вінаватым на падставе абодвух артыкулаў і прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на два гады. Актывіст абскардзіў рашэнне ў Мінскім гарадскім судзе, але адтэрмінаваны прысуд быў пакінуты ў сіле 27 снежня 2016 года.

10 і 20 сакавіка 2017 года Паліенка быў прыгавораны да адміністрацыйных арыштаў на сем і пятнаццаць сутак. У сувязі з гэтым 7 красавіка мінулага года суд Заводскага раёна Мінска адмяніў адтэрміноўку прысуду, які ў выніку ўвайшоў у сілу.

"Міжнародная амністыя" прызнала Паліенку вязнем сумлення. Беларускія праваабаронцы лічаць яго палітвязнем.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН