Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/13/946683_550017/
Дата раздрукоўкі: 20.06.2018 20:25
13.03.2018 14:02 Палітыка, Грамадства

У Мінску адкрыты памятны камень у гонар братоў Луцкевічаў

Мінск, 13 сакавіка. Памятны камень у гонар заснавальнікаў нацыянальнага руху Беларусі мінулага стагоддзя братоў Антона і Івана Луцкевічаў адкрыты 13 сакавіка ў Купалаўскім скверы Мінска. Гэта першае з серыі мерапрыемстваў па святкаванні 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі.
Пяць гадоў таму да ўладаў Беларусі з просьбай усталяваць памятны знак звярнулася жыхарка Санкт-Пецярбурга сваячка Луцкевічаў Маргарыта Пярова. 8 сакавіка гэтага года ў інтэрв'ю "Радыё Свабода" яна сказала, што стварэнне і ўстаноўка знака сталі магчымым дзякуючы агульным намаганням нашчадкаў Луцкевічаў, музея Янкі Купалы, Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына", МЗС і дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Фінансаваў праект Мінгарвыканкам.

У цырымоніі адкрыцця ўдзельнічалі Маргарыта Пярова, акадэмік НАНБ Аляксандр Каваленя, прадстаўнікі дэмакратычных сіл.

У каментары БелаПАН адзін з удзельнікаў цырымоніі сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Віталь Рымашэўскі назваў гэтую падзею "перамогай беларускіх дэмакратычных сіл". "Гэта адзін з вынікаў падачы заяўкі на святкаванне 100-годдзя абвяшчэння 25 сакавіка Беларуская Народнай Рэспублікі, якая была ўхваленая Мінгарвыканкамам", — адзначыў палітык.

Паводле яго слоў, "архітэктары рабілі памятны камень у экстрэмальных умовах" у сувязі з кароткімі тэрмінамі прыняцця з боку ўладаў адпаведнага рашэння. "Гэта знакавая падзея, вельмі доўга сваякі Луцкевічаў і культурныя і грамадскія дзеячы дамагаліся ўстанаўлення гэтага памятнага знака", — сказаў Рымашэўскі.

"Спадзяюся, што сённяшняя падзея стане першай кропляй у хвалі адраджэння, ушанавання памяці беларускай гісторыі з боку афіцыйных уладаў Беларусі і кансалідацыі нацыі незалежна ад палітычных поглядаў", — заявіў ён.

Усталяванне каменя стала першым з серыі мерапрыемстваў да 100-годдзя БНР. Наступным будзе адкрыццё 15 сакавіка выставы ў Нацыянальным гістарычным музеі. Кульмінацыяй стануць святочны канцэрт і мітынг ля опернага тэатра 25 сакавіка. Гэтыя мерапрыемствы санкцыянаваныя Мінгарвыканкамам.

Дзень Волі 25 сакавіка адзначае дэмакратычная грамадскасць Беларусі, афіцыйна гэтага свята ў краіне няма. Незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі была абвешчаная ў ноч на 25 сакавіка 1918 года. Многія гісторыкі лічаць, што менавіта перыяд БНР стаў першым этапам дзяржаўнага станаўлення беларускай нацыі.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН