Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/13/946727_657412/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2018 02:36
13.03.2018 16:49 Грамадства, Палітыка

Рух "Разам" заклікае грамадскасць да салідарнасці са Святаславам Барановічам, які заступіўся за анархістаў перад міліцыяй

Мінск, 13 сакавіка. Рух салідарнасці "Разам" заклікае беларускую і міжнародную грамадскасць далучыцца да кампаніі салідарнасці з удзельнікам санкцыянаванай акцыі 15 сакавіка 2017 года ў Мінску Святаславам Барановічам.

У сваім звароце рух выказвае абурэнне прысудам, паводле якога Барановіч, які адбіваў анархістаў ад супрацоўнікаў міліцыі пасля "Маршу недармаедаў" у Мінску, асуджаны на тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Маладога чалавека абвінавацілі ў нанясенні удараў супрацоўніку міліцыі. Рашэнне прыняў 12 сакавіка суд Маскоўскага раёна Мінска.

Бойка здарылася ў тралейбусе № 37 на прыпынку "Плошча Бангалор" пасля акцыі, санкцыянаванай сталічнымі ўладамі. Супрацоўнікі міліцыі ў цывільным затрымалі маладых людзей, якія селі ў тралейбус пасля маршу, у іх ліку былі анархісты. Некалькі чалавек, у тым ліку Барановіч, спрабавалі дапамагчы анархістам адбіцца ад сілавікоў. Барановіча затрымалі праз паўгода і змясцілі ў СІЗА № 1 Мінска. Там з 2 кастрычніка мінулага года ён знаходзіўся да суда.

"Гэтая ізаляцыя практычна пазбавіла яго юрыдычнай дапамогі праваабаронцаў, — гаворыцца ў заяве руху "Разам". — Таму на працэсе паводзіны адваката нават не нагадвалі дзеянні абаронцы".

У звароце адзначаецца, што ізаляцыя "давяла Святаслава да самаагавору, ад чаго ён адмовіўся ў сваім апошнім слове".

"Разам" лічыць судовы працэс над Барановічам цалкам сфабрыкаваным, а яго самога — палітвязнем.

"Гэты ганебны прысуд сведчыць пра тое, што ніякай лібералізацыі ў нашай краіне няма. Пакуль Святаслаў знаходзіцца ў няволі, усе ўнутраныя і знешнія дагаворы з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі з'яўляюцца цалкам амаральнымі. З гэтага моманту патрабаванне вызваліць беларускага патрыёта з турмы павінна стаць галоўнай умовай усіх магчымых камунікацый з гэтай уладай", — падкрэсліваецца ў заяве.
Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН