Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/13/946728_550147/
Дата раздрукоўкі: 21.05.2018 23:41
13.03.2018 16:27 Эканоміка

Беларусь і Зімбабве падпісалі кантракты амаль на 60 млн долараў

Мінск, 13 сакавіка. Беларусь і Зімбабве падпісалі кантракты амаль на 60 млн долараў. Пра гэта Аляксандра Лукашэнку праінфармаваў 13 сакавіка кіраўнік справамі прэзідэнта Віктар Шэйман паводле вынікаў візіту ў афрыканскую краіну.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, падчас сустрэчы гаворка ішла пра перспектывы пашырэння эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі з дзяржавамі Афрыканскага кантынента. "У прыватнасці адбыліся канструктыўныя і плённыя перамовы з прэзідэнтам Зімбабве Эмерсанам Мнангагвам, а таксама першым віцэ-прэзідэнтам, міністрам горнай здабычы і развіцця здабыўной галіны, старшынёй Рэзервовага банка, міністрамі замежных справаў і міжнароднага гандлю, сельскай гаспадаркі, транспарту і развіцця інфраструктуры, вышэйшай адукацыі, развіцця навукі і тэхналогій", — адзначылі ў прэс-службе.

Шэйман паведаміў Лукашэнку, што "дасягнутыя дамоўленасці і падпісаныя кантракты на суму прыблізна 58 млн долараў, у тым ліку па пастаўках беларускіх трактароў на 43 млн долараў і тэхнікі для лясной гаспадаркі на 15 млн долараў". Гаворка ішла таксама аб стварэнні зборачных вытворчасцяў беларускай сельскагаспадарчай і горназдабыўной тэхнікі.

"Акрамя таго, гэтая дзяржава зацікаўленая ў закупцы беларускіх угнаенняў, зараз рыхтуецца кантракт прыблізна на 10 млн долараў. Дасягнутыя дамоўленасці па развіцці супрацоўніцтва і па многіх іншых напрамках. У прыватнасці ў галіне АПК гаворка ідзе аб стварэнні сумесных прадпрыемстваў па перапрацоўцы мяса і малака. Рэспубліка Зімбабве гатовая выкарыстаць беларускі вопыт па рэкультывацыі зямель і ірыгацыі засушлівых раёнаў. Бакі маюць намер ствараць сумесныя прадпрыемствы для рэалізацыі праектаў у жыллёвым, прамысловым і дарожным будаўніцтве, у галіне транспарту, ва ўзвядзенні лагістычнага комплексу", — адзначаецца ў рэлізе.

Паводле слоў Шэймана, прапрацоўваюцца магчымасці двухбаковага супрацоўніцтва ў галіне электраэнергетыкі.

Кіраўнік дзяржавы таксама праінфармаваны пра перспектывы развіцця кантактаў з Зімбабве ў галіне горнай здабычы, у тым ліку стварэнні прадпрыемства па здабычы карысных выкапняў. "У прыватнасці, беларускія спецыялісты могуць быць задзейнічаныя ў геолагаразведцы, здабычы нафты і газу ў гэтай багатай рэсурсамі краіне", — адзначае прэс-служба.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН