Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/13/946731_665544/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2018 02:38
13.03.2018 16:33 Эканоміка

Беларусь прапануе Расіі прыняць дарожную карту для ўрэгулявання спрэчкі па пастаўках малака

Мінск, 13 сакавіка. Беларусь прапануе Расіі прыняць дарожную карту для ўрэгулявання спрэчкі па пастаўках малака, паведаміў 13 сакавіка міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанід Заяц.

"Мы прапанавалі для ўрэгулявання дарожную карту, у якой акрэсленыя пазіцыі Беларусі, улічаныя пазіцыі Расійскай Федэрацыі. Упэўнены, што разгляд і прыняцце гэтай дарожнай карты скасуе забарону паставак нашых прадпрыемстваў на расійскі рынак", — цытуе міністра інфармагенцтва БелТА.

Паводле яго слоў, "ёсць усе шанцы, каб сесці за стол перамоў і дамовіцца аб доступе нашай прадукцыі на рынкі Расіі". Найбліжэйшым часам у Маскве для абмеркавання гэтага пытання запланаваная сустрэча на ўзроўні віцэ-прэм'ераў, удакладніў Заяц.

Міністр таксама падкрэсліў, што ў сакавіку плануецца правесці сумесную калегію аграрных ведамстваў Беларусі і Расіі, удзельнікі якой разгледзяць балансы харчавання. Гэтыя балансы затым стануць асновай для паставак прадукцыі на расійскі рынак.

"З упэўненасцю магу сказаць, што рэшткаў антыбіётыкаў у нашай прадукцыі няма і не можа быць. Сыравіна, якая сёння паступае з гаспадарак на малочнае прадпрыемства, зведвае грунтоўны кантроль. Той жа самы кантроль ёсць і ў працэсе перапрацоўкі. Пры адгрузцы гатовай прадукцыі кожная партыя даследуецца ў лабараторыях", — заявіў ён.

З канца лютага Мінск і Масква спрабуюць урэгуляваць праблему паставак беларускай малочнай прадукцыі на расійскі рынак. Рассельгаснагляд абвясціў увядзенне часовых абмежаванняў на пастаўкі такой прадукцыі, палічыўшы яе небяспечнай. Першапачаткова абмежаванні планавалася ўвесці 26 лютага, потым тэрмін быў перанесены на 6 сакавіка, пасля — на 15-е. Перамовы на гэтую тэму працягваюцца.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН