Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/14/946793_12345/
Дата раздрукоўкі: 22.06.2018 08:35
14.03.2018 11:25 Грамадства, Палітыка

Рада ТБМ: Стогадовы юбілей БНР — цудоўная нагода для кансалідацыі актыўных грамадскіх сіл Беларусі

Мінск, 14 сакавіка. Стогадовы юбілей абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі з`яўляецца выдатнай нагодай для кансалідацыі беларускіх грамадскіх сіл, перакананыя члены Рады грамадскага аб`яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" (ТБМ).

Зварот з нагоды юбілею, які будзе адзначацца 25 сакавіка, Рада ТБМ прыняла на пазачарговым пасяджэнні 13 сакавіка ў Мінску. Тэкст дакумента апублікавала на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку" старшыня ТБМ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Алена Анісім.

"2018 год праходзіць пад знакам выдатнай падзеі XX стагоддзя — стогадовага юбілею аднаўлення нашай дзяржаўнасці, — адзначылі аўтары звароту. — Для кожнага грамадзяніна нашай краіны гэта найважнейшая дата. Роўна сто гадоў таму ў няпростых палітычных умовах нашы папярэднікі — тагачасная палітычная эліта — зрабілі рашучыя крокі, узяўшы на сябе адказнасць за лёс сваёй краіны, і аб`явілі аб стварэнні суверэннай дзяржавы. Іх дзейнасць стала асноўнай для далейшай пабудовы незалежнай беларускай дзяржавы — Рэспублікі Беларусь, якая з`явілася на карце свету ў 1991 годзе".

"Спраўдзілася мара многіх пакаленняў беларусаў — жыць у сваёй краіне, размаўляць на сваёй роднай мове, развіваць сваю культуру, будаваць сваё жыццё на нацыянальным падмурку і на аснове агульначалавечых каштоўнасцяў. На жаль, не ўсё зроблена так, як павінна быць і як нам бы хацелася . Але ў нас ёсць галоўнае — свая ўласная дзяржава", — гаворыцца ў звароце.

Сябры Рады ТБМ заклікалі грамадзян Беларусі і беларусаў замежжа "ўрачыста і годна адзначыць стогадовы юбілей аднаўлення нашай дзяржаўнасці", паколькі гэта "цудоўная нагода для кансалідацыі актыўных грамадзянскіх сілаў краіны". "Разам мы зможам ажыццявіць усё задуманае нашымі папярэднікамі дзеля годнага жыцця нашага народа і росквіту Беларусі", — перакананыя аўтары дакумента.

25 сакавіка ў Мінску розныя арганізатары плануюць правесці серыю акцый. Так, 25 сакавіка сталічныя ўлады дазволілі правесці каля тэатра оперы і балета мітынг і святочны канцэрт. Заяўку на правядзенне гэтых мерапрыемстваў падалі прадстаўнікі Аб`яднанай грамадзянскай партыі, аб`яднання "БНФ "Адраджэнне", руху "За Свабоду", Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і асветніцкай установы "Амарока".

7 сакавіка актывісты аргкамітэта па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) падалі ў Мінгарвыканкам заяўку на правядзенне шэсця па цэнтры горада.

Акрамя таго, 25 сакавіка пройдуць дазволеныя мясцовымі ўладамі мітынг і канцэрт у Каложскім парку ў Гродне, а таксама мітынг, вулічны фэст і канцэрт з кірмашом на плошчы Свабоды ў Брэсце.

Дэмакратычная грамадскасць Беларусі штогод адзначае 25 сакавіка Дзень Волі, паколькі ў гэты дзень у 1918 годзе была прынятая Трэцяя ўстаўная грамата Рады БНР, у якой абвяшчалася незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Афіцыйна гэтага свята ў краіне няма.

Многія гісторыкі лічаць, што менавіта перыяд БНР стаў першым этапам дзяржаўнага станаўлення беларускай нацыі.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН