Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/14/946796_12345/
Дата раздрукоўкі: 23.06.2018 13:01
14.03.2018 11:46 Палітыка

У Мінску праходзіць чарговы раўнд перамоваў аб урэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны

Мінск, 14 сакавіка. 14 сакавіка ў Мінску праходзіць чарговы раўнд перамоваў аб урэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны.

Як паведамляе ў "Твітэры" МЗС Беларусі, раніцай праходзіць сустрэча рабочых падгруп трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны. Перамовы праходзяць у "Прэзідэнт-гатэлі" традыцыйна ў закрытым для прэсы рэжыме. У другой палове дня чакаецца пасяджэнне кантактнай групы.

Папярэднія перамовы кантактнай групы адбыліся ў Мінску 28 лютага. Па выніках сустрэчы спецпрадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ Марцін Сайдзік заклікаў усе бакі канфлікту "строга выконваць міжнародныя прынцыпы недатыкальнасці медыцынскага персаналу".

Паводле яго слоў, на пасяджэнні эканамічнай падгрупы асноўная ўвага надавалася пытанню работы мабільнай сувязі ў некаторых раёнах Данецкай і Луганскай абласцей. Удзел у пасяджэнні прыняў прадстаўнік кампаніі Vodafone ва Украіне, які запэўніў, што кампанія гатова зрабіць свой унёсак у вырашэнне праблемы.

Рабочая падгрупа па бяспецы абмеркавала агульную сітуацыю ў зоне канфлікту, а таксама пытанні выканання рэжыму спынення агню. У прыватнасці, удзельнікі падкрэслілі важнасць вываду цяжкай зброі, развядзення сіл і забеспячэння бяспекі грамадзянскай інфраструктуры, у тым ліку школ, дзіцячых садоў і бальніц.

Рабочая падгрупа па гуманітарных пытаннях працягнула абмеркаванне пытанняў, звязаных з абменам палоннымі, палітычная падгрупа — абмеркаванне закона Украіны "Аб асаблівасцях дзяржаўнай палітыкі забеспячэння дзяржаўнага суверэнітэту Украіны на часова акупаваных тэрыторыях у Данецкай і Луганскай абласцях".
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН