Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/14/946810_12345/
Дата раздрукоўкі: 23.06.2018 12:58
14.03.2018 13:09 Грамадства

Адміністрацыя горацкай калоніі не дазволіла грамадскім назіральнікам сустрэцца з палітзняволеным Міхаілам Жамчужным

Мінск, 14 сакавіка. Адміністрацыя горацкай папраўчай калоніі № 9 не дазволіла грамадскай назіральнай камісіі (ГНК) пры галоўным упраўленні юстыцыі Магаблвыканкама сустрэцца з палітвязнем Міхаілам Жамчужным, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

Наведаць калонію ў Горках абласную і рэспубліканскую ГНК прасіла праваабаронца Таццяна Равяка, у прыватнасці праверыць ўмовы ўтрымання Жамчужнага, паколькі, паводле наяўнай інфармацыі, існуюць пагрозы для жыцця і здароўя палітвязня. Як стала вядома праваабаронцам, 24 студзеня Жамчужны быў жорстка збіты іншым асуджаным. Акрамя таго, яму па надуманых прычынах выносяцца дысцыплінарныя спагнанні, пасля чаго яго змяшчаюць у штрафны ізалятар. Паводле звестак праваабаронцаў, з ліпеня 2017 года адміністрацыя калоніі № 9 вынесла Жамчужнаму 18 спагнанняў.

13 сакавіка члены Магілёўскай абласной ГНК і рэспубліканскай камісіі, якая дзейнічае пры Міністэрстве юстыцыі, праверылі ўмовы ўтрымання вязняў у ПК № 9. Як адзначыў магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель, які ўваходзіць у склад абласной ГНК, падыходы ў грамадскіх назіральнікаў былі розныя. "Рэспубліканская камісія ставілася да нас некалькі напружана. Калі мы з маёй калегай Таццянай Казлоўскай (старшынёй абласной ГНК) адзначалі ў нататніках ўсе моманты, то яны, склалася адчуванне, проста хадзілі і глядзелі. Калі я прасіў адміністрацыю калоніі дазволіць сустрэчу з Жамчужным, рэспубліканская ГНК заўжды ўставала на бок адміністрацыі", — распавёў Бухель. Ён адзначыў, што рэспубліканскую ГНК ўзначальвала член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Таццяна Краўчанка.

"Нам былі не радыя. Галоўнай нашай мэтай было сустрэцца з палітвязнем Міхаілам Жамчужным, аднак у калоніі зрабілі ўсё, каб гэтага не адбылося, — падкрэсліў праваабаронца. Паводле яго слоў, у адміністрацыі заявілі, што паўнамоцтваў у назіральнай камісіі на асабістую сустрэчу са зняволеным няма.

Жамчужны зараз знаходзіцца ў штрафным ізалятары (ШІЗА), паведаміў Бухель. "Нам адмовіліся паказваць камеры ШІЗА, паказалі толькі адно памяшканне камернага тыпу. Там рэжым крыху мякчэйшы, чым у ШІЗА", — адзначыў праваабаронца. Паводле яго слоў, у памяшканні камернага тыпу, куды дапусцілі прадстаўнікоў ГНК, знаходзіліся тры чалавекі, адзін з якіх паскардзіўся на тое, што напярэдадні ў лазні адсутнічала гарачая вада, і на холад у камеры. Прадстаўнікі адміністрацыі ўсё адмаўлялі, сцвярджаючы, што гэты зняволены пакрыўджаны і "спрабуе адыграцца".

Са станоўчых момантаў Бухель адзначыў якасць ежы і адсутнасць пераліміту зняволеных у калоніі.

Бухель таксама паведаміў, што рэспубліканская ГНК правяла анкетаванне зняволеных, аднак, як лічыць праваабаронца, яно было непразрыстым. "Рэспубліканская камісія ў пачатку візіту аддала анкеты адміністрацыі калоніі, а ў канцы візіту ў яе ж і сабрала. Наколькі можна верыць дадзеным з анкет — вялікае пытанне", — заўважыў Бухель.

Гэта ўжо другі выпадак, калі грамадскім назіральнікам не далі магчымасці сустрэцца з палітвязьнем, адзначае праваабарончы рэсурс. Раней членам ГНК не далі наведаць Дзмітрыя Паліенку, які ўтрымліваецца ў ПК № 2 у Бабруйску.

Міхаіл Жамчужны — былы дацэнт Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, кандыдат тэхнічных навук, аўтар некалькіх навуковых манаграфій і распрацовак, вынаходнік. Жамчужны перадаваў звесткі пра ўтрыманне зняволеных у месцах пазбаўлення волі праваабарончай арганізацыі "Платформа". Быў затрыманы ў 2014 годзе. У ліпені 2015 года Віцебскі абласны суд прызнаў яго вінаватым у падбухторванні да наўмыснага разгалашэння звестак, якія ўяўляюць службовую тайну, незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, і дачы хабару. Праваабаронцу прыгаварылі да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда, разгледзеўшы ў кастрычніку таго ж года касацыйную скаргу на прысуд, прызначыла яму больш строгае пакаранне — шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН