Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/14/946811_12345/
Дата раздрукоўкі: 20.06.2018 20:38
14.03.2018 12:21 Грамадства, Палітыка

Гродзенскія ўлады дазволілі адзначыць 100-годдзе БНР мітынгам і святочным канцэртам

Мінск, 14 сакавіка. Улады Гродна дазволілі мясцоваму грамадскаму аргкамітэту па святкаванні 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі правесці 25 сакавіка мітынг і канцэрт. Копію дазвольнага дакумента за подпісам намесніка старшыні Гродзенскага гарвыканкама Андрэя Болтрыка 13 сакавіка апублікаваў у "Фэйсбуку" кіраўнік абласной арганізацыі Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў.

Згодна з дакументам, збор удзельнікаў акцыі пачнецца ў 13.00 перад стэлай "850 гадоў" у Каложскім гарадскім парку. Мітынг і канцэрт плануецца правесці з 14.00 да 17.00.

Гродзенскі гарвыканкам вызваліў арганізатараў ад аплаты медыцынскага суправаджэння спецыялістамі "хуткай дапамогі", аховы грамадскага парадку супрацоўнікамі міліцыі. Разам з тым пытанні ўстаноўкі біяпрыбіральняў, энергазабеспячэння, арганізацыі выязнога гандлю і кропак харчавання, а таксама ўборку тэрыторыі пасля акцыі аргкамітэту свята належыць вырашыць самастойна.

"Звяртаем увагу на неабходнасць выкарыстання ўдзельнікамі масавых мерапрыемстваў 25 сакавіка толькі плакатаў, транспарантаў, лозунгаў, эмблем, сімвалаў, якія адпавядаюць заяўленай мэце — святкаванню 100-гадовага юбілею абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі Трэцяй статутнай граматай БНР, а таксама толькі сцягоў і вымпелаў, зарэгістраваных ва ўстаноўленым парадку", — папярэдзілі арганізатараў прадстаўнікі мясцовых уладаў.

Варта адзначыць, што сярод абласных цэнтраў правесці святочныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да 100-годдзя БНР, акрамя Гродна дазволілі таксама ў Брэсце.

У Мінску розныя арганізатары плануюць правесці 25 сакавіка серыю акцый. Так, 25 сакавіка сталічныя ўлады дазволілі правесці каля тэатра оперы і балета мітынг і святочны канцэрт. Заяўку на правядзенне гэтых мерапрыемстваў падалі прадстаўнікі Аб`яднанай грамадзянскай партыі, аб`яднання "БНФ "Адраджэнне", руху "За Свабоду", Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і асветніцкай установы "Амарока".

7 сакавіка актывісты аргкамітэта па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) падалі ў Мінгарвыканкам заяўку на правядзенне шэсця па цэнтры горада.

Дэмакратычная грамадскасць Беларусі штогод адзначае 25 сакавіка Дзень Волі, паколькі ў гэты дзень у 1918 годзе была прынятая Трэцяя статутная грамата Рады БНР, у якой абвяшчалася незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Афіцыйна гэтага свята ў краіне няма.

Многія гісторыкі лічаць, што менавіта перыяд БНР стаў першым этапам дзяржаўнага станаўлення беларускай нацыі.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН