Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/14/946832_946833/
Дата раздрукоўкі: 23.06.2018 12:56
14.03.2018 13:36 Грамадства

Завяршаецца распрацоўка канцэпцыі праекта закона "Аб папярэджанні насілля ў сям`і"

Мінск, 14 сакавіка. Канцэпцыя законапраекта "Аб папярэджанні насілля ў сям`і" будзе гатовая ў красавіку, і восенню можа быць разгледжана кіраўніком дзяржавы, паведаміў журналістам 14 сакавіка ў Мінску начальнік упраўлення прафілактыкі МУС Алег Каразей.
Адказваючы на пытанне БелаПАН, ён паведаміў, што цяпер законапраект знаходзіцца на стадыі распрацоўкі канцэпцыі. "Гэта наша ініцыятыва, мы распрацоўваем яе даўно. І, нарэшце, у план падрыхтоўкі законапраектаў на гэты год eключана і канцэпцыя праекта закона "Аб папярэджанні насілля ў сям`і". Яна будзе гатовая ўжо ў красавіку, і пачнецца працэс узгаднення. Канчатковы варыянт, які задаволіць усіх зацікаўленых, мы восенню вынесем на разгляд кіраўніка дзяржавы", — паведаміў Каразей.

Па яго словах, вызначэнне дамашняга насілля з`явілася ў заканадаўстве Беларусі ў 2008 годзе ў рамках закона "Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў", але толькі ў 2014-м у новай рэдакцыі гэтага закона былі ўведзены ахоўныя прадпісанні, якія дазваляюць рэальна змагацца з дамашнімі агрэсарамі.

Як растлумачыў Каразей, пазіцыя МУС заключаецца ў тым, што праблему дамашняга насілля нельга вырашыць без прыняцця асобнага самастойнага заканадаўчага акта ў гэтай сферы. Ён нагадаў, што Беларусь з`яўляецца ўдзельніцай Канвенцыі ААН аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын і гэта прадугледжвае абавязак краіны забяспечваць жанчынам роўныя з мужчынамі правы ва ўсіх пытаннях шлюбу і сям`і. Акрамя таго, Беларусь павінна арыентавацца на рэкамендацыі Стамбульскай канвенцыі Савета Еўропы аб папярэджанні насілля ў дачыненні да жанчын і дамашняга насілля.

Намеснік міністра ўнутраных спраў Мікалай Мельчанка падкрэсліў, што выпрацоўка адзінай пазіцыі па асноўных палажэннях канцэпцыі дазволіць ліквідаваць шэраг прабелаў у заканадаўстве, якія тычацца насілля ў сям`і.

Так, МУС прапаноўвае ўнесці ў законапраект акрамя псіхалагічнага, фізічнага і сексуальнага насілля ў сям`і і эканамічнае. Сярод іншых прапаноў: канкрэтызаваць задачы ўсіх суб`ектаў прафілактыкі дамашняга насілля і выпрацаваць дакладны алгарытм іх узаемадзеяння; адрэгуляваць абмен інфармацыяй аб фактах насілля і пацярпелых; вызначыць адзіны орган для каардынацыі гэтай працы; пашырыць кола асоб у дачыненні да якіх прымяняюцца меры індывідуальнай прафілактыкі правапарушэнняў (былы муж, партнёр і былы партнёр), а таксама ўмовы іх прымянення; пашырыць меры адказнасці агрэсара і г.д.

"У прафілактыцы дамашняга насілля трэба, каб усе дзяржаўныя органы, грамадскія аб`яднанні і грамадзяне комплексна ў гэта ўключыліся", — сказаў Мельчанка.
Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН