Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/15/946999_110025/
Дата раздрукоўкі: 20.09.2018 20:06
15.03.2018 09:29 Эканоміка, Фінансы, Грамадства

У найбліжэйшыя месяцы цэны на аўтамабільнае паліва вырастуць да ўзроўню расійскіх

Мінск, 15 сакавіка. На працягу найбліжэйшых месяцаў плануецца павысіць беларускія цэны на аўтамабільнае паліва да ўзроўню цэн на памежных запраўках у Расіі. Паводле інфармацыі БелаПАН, на гэты момант гаворка ідзе пра павышэнне ўнутранай цаны на бензін на 8%, дызельнага паліва — на 4,5%.
"Сёння адрозненне беларускіх цэн на паліва ад цэн на памежных запраўках у Расіі складае па бензіне 8%, па дызельным паліве — 4,5%. У пакрокавым рэжыме гэтая розніца будзе ліквідавацца", — растлумачыў прадстаўнік нафтаперапрацоўчай галіны, адказваючы на пытанні БелаПАН.

Мяркуецца, удакладніў ён, што этап павышэння ўнутраных цэн на паліва, які распачаўся ў першым квартале, працягнецца да мая.

"Калі ў маі прыйдзем да цэн на паліва на ўнутраным рынку, якія супастаўныя з расійскімі, і не адбудзецца ніякіх макраўзрушэнняў, то абодва нафтаперапрацоўчыя заводы Беларусі атрымаюць прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі. Што да чыстага прыбытку, то з улікам закрэдытаванасці заводаў многае ў гэтым плане залежыць ад стабільнасці абменнага курсу рубля, таму што крэдыты прыцягваліся ў замежнай валюце", — паведаміў суразмоўца.

Ён растлумачыў, што рашэнне аб паэтапным павышэнні цэн на паліва абумоўленае стратнай дзейнасцю нафтаперапрацоўчых заводаў. У пачатку гэтага года страты ад рэалізацыі паліва на ўнутраным рынку прыкладна ў два разы перавышалі прыбытак заводаў ад рэалізацыі прадукцыі на экспарт.

"Мы падышлі да пункта, калі трэба прымаць рашэнне аб павышэнні цэн на паліва на ўнутраным рынку з улікам фінансавай сітуацыі, якая складваецца", — адзначыў прадстаўнік нафтаперапрацоўчай галіны.

Суразмоўца звярнуў увагу, што на двух беларускіх нафтаперапрацоўчых заводах з мэтай павелічэння глыбіні перапрацоўкі нафты працягваецца мадэрнізацыя, і фінансавае становішча прадпрыемстваў павінна задавальняць для прыцягнення і абслугоўвання інвестыцыйных крэдытаў. Завяршыць мадэрнізацыю плануецца да канца 2019 года.

"Кожнаму з заводаў для завяршэння мадэрнізацыі неабходна прыцягнуць яшчэ прыблізна 400 млн долараў. У сувязі з гэтым зараз не самы зручны час праводзіць эксперыменты па рэалізацыі стратных праектаў з удзелам НПЗ", — лічыць ён.

Адказваючы на пытанне БелаПАН аб тым, як складваюцца адносіны прадпрыемстваў з крэдыторамі, ён звярнуў увагу, што апошнім часам банкі не былі задаволеныя фінансавымі вынікамі нафтаперапрацоўчых заводаў.

"Банкіры пад мікраскопам глядзяць на суадносіны прыбытку НПЗ і доўгу, і яны не з'яўляюцца сёння добрымі, не выклікаюць усмешку ў банкіраў. Таму выйсце на справядлівыя цэны на паліва на ўнутраным рынку з'яўляецца матэматычна актуальнай задачай", — мяркуе прадстаўнік галіны.

Як паведамлялася, 15 сакавіка трэці раз з пачатку года павышаныя ўнутраныя цэны на аўтамабільнае паліва ў сярэднім на 0,76%, або на адну капейку. Кошт літра бензіну АІ-92-К5-Еўра складае цяпер 1 рубель 23 капейкі, АІ-95-К5-Еўра — 1 рубель 31 капейку, АІ-98-К5-Еўра — 1 рубель 53 капейкі, дызпаліва — 1 рубель 34 капейкі.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН