Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/15/947016_879642/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 10:41
15.03.2018 11:29 Палітыка

АБСЕ: На Данбасе знізілася колькасць парушэнняў рэжыму спынення агню і ахвяр сярод цывільнага насельніцтва

Мінск, 15 сакавіка. У зоне канфлікту на паўднёвым усходзе Украіны за апошні час значна знізілася колькасць парушэнняў рэжыму спынення агню і ахвяр сярод цывільнага насельніцтва, гаворыцца ў заяве спецпрадстаўніка дзейнага старшыні АБСЕ ў трохбаковай кантактнай групе па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне Марціна Сайдзіка паводле вынікаў сустрэчы групы ў Мінску вечарам 14 сакавіка.

Заява дыпламата размешчаная на сайце АБСЕ.

Як паведамлялася, учарашняе пасяджэнне кантактнай групы прайшло без удзелу Сайдзіка, які не змог прыбыць з Кіева з-за нялётнага надвор'я.

Сайдзік нагадаў, што на папярэднім пасяджэнні бакі канфлікту пацвердзілі "поўную прыхільнасць усёабдымнаму, устойліваму і неабмежаванаму спыненню агню пачынаючы з 5 сакавіка". "Згодна з гэтай заявай, апошнім часам стала магчымым значна скараціць сярэднюю колькасць парушэнняў спынення агню да аднаго з самых нізкіх узроўняў за апошнія два гады. Сёлета таксама ўдалося дамагчыся значнага скарачэння колькасці ахвяр сярод цывільнага насельніцтва. У параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года іх колькасць скарацілася ў тры разы — паводле папярэдніх звестак, пададзеных Спецыяльнай маніторынгавай місіяй АБСЕ. Усё гэта наглядна дэманструе, што палітычная воля можа паслужыць шматлікім дасягненням", — падкрэсліў спецпрадстаўнік.

Далейшае захаванне рэжыму спынення агню абмяркоўвалася рабочай групай па пытаннях бяспекі. Удзельнікі сустрэчы падкрэслілі, што для захавання перамір'я неабходна прымяняць дысцыплінарныя меры да парушальнікаў, правесці адвод цяжкага ўзбраення, забяспечыць ахову цывільнай інфраструктуры.

Адным з асноўных пытанняў, якія абмяркоўваліся на пасяджэнні эканамічнай рабочай групы, была праца мабільных аператараў у зоне канфлікту.

Рабочая група па гуманітарных пытаннях працягнула абмеркаванне пытанняў, звязаных з абменам палоннымі.

"Удзельнікі палітычнай рабочай групы абмяняліся думкамі аб будучай рэалізацыі так званай формулы Штайнмаера, амністыі, мясцовых выбараў і асаблівага статусу асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей, як гэта прадугледжанае мінскімі пагадненнямі", — паведаміў Сайдзік.

Наступная сустрэча кантактнай групы ў Мінску запланаваная 4 красавіка.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН