Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/15/947023_558014/
Дата раздрукоўкі: 23.02.2020 23:32
15.03.2018 11:50 Палітыка, Грамадства

Лукашэнка прагназуе ўнясенне зменаў у Канстытуцыю

Мінск, 15 сакавіка. З часам у Беларусі прыйдуць да абмеркавання пытання аб унясенні зменаў у Канстытуцыю, заявіў Аляксандр Лукашэнка 15 сакавіка на сустрэчы з суддзямі Канстытуцыйнага суда.
"Я ўжо казаў на сустрэчах з парламентарыямі і судзейскім корпусам, што з цягам часу мы прыйдзем да абмеркавання пытання аб унясенні зменаў у Асноўны закон, — цытуе Лукашэнку інфармагенцтва БелТА. — Усё вельмі проста, не трэба ў гэтым шукаць нейкія навіны, аж да фэйкавых. Трэба разумець, што заканатворчасць — жывы працэс, як і ўсе законы, падзаконныя акты. Гэта жывы арганізм, які павінен удасканальвацца, каб не адстаць ад таго жыцця, якое пульсуе наогул у свеце".

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што "апошнімі гадамі прынятыя рашучыя меры па развіцці высокіх тэхналогій, удасканаленні эканамічных адносін, аптымізацыі сістэмы дзяржаўнага апарату, надзяленні шырокімі паўнамоцтвамі мясцовых органаў улады". "Таму ў гэтым напрамку трэба паглядзець на Канстытуцыю", — сказаў ён.

Пры гэтым Лукашэнка адзначыў: "Моцная і незалежная Беларусь нязменна павінна заставацца дзяржавай, у якой найважнейшай каштоўнасцю выступаюць людзі — добрасумленныя, мудрыя і паспяховыя, таму інтарэсы беларускага народа і нашай краіны павінны быць галоўнымі ў пытаннях удасканалення нашай Канстытуцыі".

Паводле слоў афіцыйнага лідара, суддзі Канстытуцыйнага суда з улікам іх высокага статусу і ведаў павінны аб`ектыўна і комплексна прааналізаваць нормы Асноўнага закона. "Неабходна ацаніць іх актуальнасць, адпаведнасць сучаснаму развіццю грамадства і міжнародным падыходам. Калі ўжо мы і пойдзем на змену Канстытуцыі, то нас ніхто не павінен папракнуць. А для гэтага трэба вывучыць сусветны вопыт. У прынцыпе, вы яго ведаеце. Вы ведаеце самыя перадавыя краіны і іх канстытуцыі. Таму трэба ўзяць найлепшае з сусветнага вопыту, але ні ў якім разе, як гэта было на пачатку нашай незалежнасці, не бегчы ўслед за нейкімі нормамі нейкай канстытуцыі, каб камусьці дагадзіць. Мы павінны ствараць свае законы, і перш за ўсё Асноўны закон, для нашай краіны і народа", — сказаў Лукашэнка.

Раней беларускі кіраўнік ужо выказваўся аб магчымым унясенні зменаў у Канстытуцыю. "Нам трэба стварыць групу мудрацоў, юрыстаў, якія прааналізуюць Асноўны закон. І калі трэба будзе, мы на гэта (змену Канстытуцыі. — БелаПАН.) пойдзем", — заявіў Лукашэнка на сустрэчы з парламентарыямі 7 кастрычніка 2016 года.

З 1994 года, калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады, Канстытуцыя змянялася двойчы — паводле вынікаў рэферэндумаў 1996 і 2004 гадоў. У першым выпадку была значна ўзмоцненая прэзідэнцкая ўлада, у другім — знятае абмежаванне на колькасць прэзідэнцкіх тэрмінаў для аднаго чалавека.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН