Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/15/947037_889776/
Дата раздрукоўкі: 09.08.2020 17:56
15.03.2018 13:31 Эканоміка

ЕЭК распрацавала праект канцэпцыі лічбавага прасочвання тавараў у ЕАЭС

Мінск, 15 сакавіка. Еўразійская эканамічная камісія распрацавала і прэзентавала праект канцэпцыі лічбавага прасочвання тавараў у ЕАЭС, паведаміла прэс-служба ЕЭК.

Праект абмеркавалі 14 сакавіка прадстаўнікі дзяржаўных органаў краін ЕАЭС, дзелавой і экспертнай супольнасці.

Адкрываючы сустрэчу, старшыня калегіі ЕЭК Тыгран Саркісян нагадаў, што сістэма прасочвання тавараў — адна з галоўных ініцыятыў кіраўнікоў дзяржаў, яе плануецца распрацаваць у адпаведнасці з асноўнымі напрамкамі рэалізацыі лічбавага парадку дня ЕАЭС да 2025 года. Сістэма дазволіць прасачыць гісторыю тавару ад вытворцы да канчатковага спажыўца. "Сёння існуе недахоп інфармацыі аб прадукцыі, — сказаў Саркісян. — Стварэнне сістэмы прасочвання дазволіць вырашыць цэлы комплекс задач, павысіць узровень даверу паміж нашымі краінамі, у тым ліку ў спрэчных сітуацыях. Акрамя таго, фармаванне адзінай сістэмы і агульнай платформы на ўсе пяць краін нівелюе рызыку з'яўлення новых абмежаванняў на рынку ЕАЭС у выніку дзеяння розных, несумяшчальных паміж сабой, нацыянальных сістэм прасочвання і маркіявання".

На яго думку, стварэнне адзінай сістэмы прасочвання тавараў ЕАЭС паскорыць працэсы свабоднага перамяшчэння тавараў, стане магчымым пабудова актуальнай статыстычнай і аналітычнай справаздачнасці, будуць аптымізаваныя лагістычныя ланцужкі і лічбавая транспартная інфраструктура.

Прадстаўнікі бізнесу знізяць аперацыйныя выдаткі за кошт скарачэння транзакцыйных выдаткаў, выключэння дублявальных і шматлікіх паралельных сістэм прасочвання і спрашчэння кантрольных працэдур, што выконваюцца дзяржаўнымі органамі, а таксама атрымаюць дадатковы даход дзякуючы новым крыніцам інфармацыі аб сітуацыі на рынку. Акрамя таго, добрасумленныя прадпрымальнікі змогуць павялічыць выручку за кошт замяшчэння кантрафактнай прадукцыі легальнай, аптымізаваць дакументаабарот і абмен інфармацыяй з дзяржаўнымі органамі і выключыць магчымасць заключэння здзелак з нядобрасумленнымі ўдзельнікамі рынку.

На думку распрацоўшчыкаў канцэпцыі, раздробным сеткам будзе прасцей шукаць патрэбную прадукцыю, маніторыць і аналізаваць цэны на канкрэтныя віды тавараў. Лагістычныя аператары, фінансавыя і страхавыя кампаніі атрымаюць магчымасць выйсці на новыя рынкі і адрасна прапаноўваць свае паслугі.

Спажыўцам будзе дадзеная поўная інфармацыя аб тавары, яго наяўнасці ў пунктах продажу і цэнах. Яны змогуць набываць легальную, якасную і бяспечную прадукцыю. Пры гэтым сістэма дазволіць рэалізаваць функцыю кантролю за якасцю прадукцыі з боку спажыўцоў. Яна будзе падтрымліваць як мінімум два віды прасочвання тавараў, што дапаўняюць адзін аднаго: прасочванне маркіяваных тавараў (прадугледжваецца наяўнасць спецыяльнага маркера, напрыклад меткі RFID або штрыхавога кода на кожным вырабе) i дакументарнае прасочванне тавараў (падтрымліваецца загрузкай ў сістэму электроннай суправаджальнай дакументацыі).

На прэзентацыі праекта канцэпцыі лічбавага прасочвання тавараў таксама было разгледжанае пытанне ўвязкі адзінай сістэмы прасочвання і транспартнага прасочвання для транзітных грузаў — фармаванне ўмоў для так званага зялёнага калідора транзіту цераз тэрыторыю ЕАЭС.

Згодна з праектам канцэпцыі, тэхнічна сістэма прасочвання тавараў будзе створаная на базе існай і ўжо дзейнай інтэграванай інфармацыйнай сістэмы ЕАЭС.

У сакавіку-красавіку праект сістэмы будзе прэзентаваны рабочай групе высокага ўзроўню па лічбавым прасочванні ЕАЭС і савету камісіі на ўзроўні віцэ-прэм'ераў. У выпадку ўхвалы ён будзе вынесены на абмеркаванне кіраўнікоў урадаў.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239