Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/15/947119_947120/
Дата раздрукоўкі: 21.09.2020 02:19
15.03.2018 16:45 Эканоміка

Рассельгаснагляд заяўляе пра ўзмацненне кантролю над беларускай малочнай прадукцыяй для дзіцячага харчавання

Мінск, 15 сакавіка. Рассельгаснагляд узмоцніць кантроль над беларускай малочнай прадукцыяй для дзіцячага харчавання, заявіла журналістам 15 сакавіка ў Маскве афіцыйны прадстаўнік нагляднага ведамства Юлія Мелана.

Паводле яе слоў, спецыялісты Рассельгаснагляду выявілі антыбактэрыяльныя прэпараты ва ўзорах малака вытворчасці Нясвіжскага завода дзіцячага харчавання (гандлёвая марка "Сарафанва"), якое прызначана для харчавання дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту. "Мы сур`ёзна занепакоеныя сітуацыяй, звязанай з бяспекай пітнога малака, прызначанага для харчавання дзяцей, якое паступае з Рэспублікі Беларусь. У гэтай сувязі Рассельгаснагляд узмоцніць кантроль над усёй малочнай прадукцыяй, якая паступае з Беларусі і прызначана для дзіцячага харчавання", — цытуе Мелану ТАСС.

Яна нагадала, што раней упраўленне Рассельгаснагляду па Бранскай і Смаленскай абласцях неаднаразова інфармавала пра тое, што сістэмна выяўляе рэшткі антыбактэрыяльных прэпаратаў у беларускай малочнай прадукцыі. У гэтай сітуацыі, заявіла Мелана, Дзяржаўная ветэрынарная служба Беларусі павінна ўзмацніць кантроль над якасцю і бяспекай, асабліва з улікам таго, што прадукцыя для дзіцячага харчавання мае больш жорсткія патрабаванні да якасці і бяспекі.

"Адзначу, што пробы былі адабраныя яшчэ да ўвядзення абмежавання на гэтае прадпрыемства. На сённяшні дзень прадпрыемства не мае права пастаўляць прадукцыю на тэрыторыю Расіі", — дадала афіцыйны прадстаўнік Рассельгаснагляду.

Як паведамлялася раней, 14 сакавіка ў Маскве прайшлі перамовы па ўрэгуляванні праблемы паставак беларускага малака ў Расію пад старшынствам намесніка прэм`ер-міністра Беларусі Міхаіла Русага і віцэ-прэм`ера ўрада РФ Аркадзя Дварковіча.

Па выніках сустрэчы падпісана дарожная карта па працэдуры зняцця абмежаванняў на пастаўкі ў Расію беларускай жывёлагадоўчай прадукцыі на 2018 год. Было таксама абвешчана, што Рассельгаснагляд не стане ўводзіць забарону на пастаўку малака і некаторых відаў малочнай прадукцыі з Беларусі 15 сакавіка, як гэта планавалася раней. Мінск, са свайго боку, паабяцаў прыняць меры па недапушчэнні ўвозу ў Расію санкцыйнай сельгаспрадукцыі.

Паведамлялася таксама, што ў найбліжэйшы час будуць праведзены інспекцыі беларускіх прадпрыемстваў, якія пастаўляюць прадукцыю, "бяспека якой выклікае занепакоенасць расійскага боку".

З канца лютага Мінск і Масква спрабавалі ўрэгуляваць праблему паставак беларускай малочнай прадукцыі на расійскі рынак. Рассельгаснагляд аб`явіў аб увядзенні часовых абмежаванняў на пастаўкі такой прадукцыі, палічыўшы яе небяспечнай. Першапачаткова абмежаванні планавалася ўвесці 26 лютага потым тэрмін быў перанесены на 6 сакавіка, пасля — на 15-е.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239