Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/15/947125_947126/
Дата раздрукоўкі: 09.08.2020 17:39
15.03.2018 17:26 Эканоміка, Фінансы, Грамадства

Стаўкі адзінага падатку ў Мінску прапаноўваецца павялічыць на 7,4%

Мінск, 15 сакавіка. Стаўкі адзінага падатку ў Мінску прапаноўваецца павялічыць на 7,4%. Праект рашэння Мінскага гарадскога савета дэпутатаў "Аб адзіным падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб" вынесены на грамадскае абмеркаванне і размешчаны на сайце Мінгарвыканкама.

Як адзначаецца ў абгрунтаванні рашэння інспекцыі МПЗ па Мінску, указам прэзідэнта ад 25 студзеня 2018 года № 29 "Аб падаткаабкладанні" ўстаноўлены базавыя стаўкі адзінага падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб. Яны павялічаны на 7,4%, у сувязі з чым некаторыя пазіцыі дзейных у горадзе ставак не адпавядаюць межам базавых ставак гэтага падатку, устаноўленых на 2018 год.

"Інспекцыя па кожнай з пазіцый праекта рашэння правяла аналіз даходаў плацельшчыкаў, якія выплачваюць адзіны падатак па рознічным гандлі рознымі таварамі, а таксама па рэалізацыі насельніцтву работ (паслуг). Выручка асобных з іх за 2017 год павялічылася ў 1,25—1,55 разу ў параўнанні з аналагічным перыядам 2016 года. Акрамя таго, пры перавышэнні выручкі над саракаразовай сумай адзінага падатку даплату ў памеры 5% зрабілі 3 тыс. 775 ІП на агульную суму 5,1 млн рублёў, што на 1,4 млн больш, чым у 2016 годзе. Інспекцыя прапаноўвае дзейныя стаўкі павялічыць на ўзровень індэксацыі падатковых ставак у мэтах іх адаптацыі да інфляцыйных працэсаў, гэта значыць на 7,4%", — гаворыцца ў паведамленні.

Чаканыя паступленні адзінага падатку ад фізічных асоб, у тым ліку зарэгістраваных у якасці індывідуальных прадпрымальнікаў, у бюджэт Мінска ў 2018 годзе складуць 26 млн рублёў, што на 1,8 млн больш, чым у 2017 годзе.

Грамадскае абмеркаванне праекта рашэння будзе доўжыцца да 22 сакавіка.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239