Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/16/947227_882145/
Дата раздрукоўкі: 09.08.2020 16:35
16.03.2018 12:59 Палітыка, Грамадства, Эканоміка

АГП пачала кампанію "Вернем маршруткі людзям!"

Мінск, 16 сакавіка. Аб'яднаная грамадзянская партыя пачала кампанію "Вернем маршруткі людзям!". Пра гэта сказана ў заяве палітрады АГП, апублікаванай 16 сакавіка на сайце партыі.

На думку членаў арганізацыі, уваходжанне ў сілу новых норм закона "Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках" — гэта "спроба заарганізаваць і ўзяць пад дзяржаўны кантроль рынак міжгародніх перавозак, якая ўнесла сумятню і блытаніну ў пасажырскія перавозкі ў нашай краіне".

"Усё гэта адбылося таму, што папраўкі, якія ўносяцца ў закон, не адпавядаюць інтарэсам спажыўцоў — грамадзян краіны. Прызначаныя дэпутаты чарговым разам не параіліся з зацікаўленымі асобамі — з пасажырамі і з прыватнымі перавозчыкамі, а зноў сталі на бок чыноўнікаў", — гаворыцца ў заяве.

У сувязі з гэтым АГП пачала збор подпісаў пад электроннай петыцыяй з патрабаваннем адмены змен у заканадаўства, а таксама плануе праводзіць збор подпісаў у рэгіёнах. "Мы патрабуем ад Палаты прадстаўнікоў уключыць гэтае пытанне ў парадак дня чарговай сесіі ПП НС. Мы ініцыюем дыскусію з удзелам пасажыраў, прыватных перавозчыкаў і прадстаўнікоў улады для таго, каб у максімальна сціслыя тэрміны знайсці выйсце з тупіковай сітуацыі", — адзначаюць у партыі.

Як паведамлялася, змены ў закон "Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках" запрацавалі 26 лютага. Цяпер прыватныя перавозчыкі абавязаныя заключаць дагаворы з дзяржаўным аператарам на ажыццяўленне рэгулярных рэйсаў. Каб абслугоўваць маршруты, яны павінны ўдзельнічаць у конкурсах, плаціць перонныя зборы, усталёўваць сістэмы навігацыі і выконваць шэраг іншых умоў. Улады тлумачаць неабходнасць новаўвядзенняў у першую чаргу клопатам пра бяспеку пасажыраў.

Прыватныя перавозчыкі адрэагавалі на новаўвядзенне па-рознаму. Некаторыя адмянілі рэйсы і накіравалі кіраўніку Мінтранса Анатолю Сіваку калектыўны зварот за подпісам 200 чалавек, у якім просяць растлумачыць, як ім далей працаваць. Дзеянні ўладаў перавозчыкі расцэньваюць як спробу манапалізаваць рынак. Яны прагназуюць з'яўленне шэрых перавозчыкаў і істотнае падаражанне паслуг. Іншая частка прыватных перавозчыкаў новаўвядзенні падтрымлівае, абвінавачваючы сваіх апанентаў у несумленнай канкурэнцыі і парушэнні заканадаўства.

Прадстаўнікі Міністэрства транспарту і камунікацый у эфіры тэлеканала "Беларусь 1" увечары 15 сакавіка заявілі, што сітуацыя на рынку міжгародніх аўтаперавозак маршрутнымі таксі стабілізуецца. Як сцвярджаюць у ведамстве, большасць напрамкаў, якія закрывалі маршруткі, ужо запрацавалі. Пры гэтым многія нерэгулярныя перавозчыкі сталі заключаць дагаворы, каб працаваць у межах рэгулярных зносін. Гэтага патрабуе абноўлены закон аб аўтатранспарце, які замацаваў адзіны для ўсіх парадак ажыццяўлення міжгародніх перавозак. Згодна са звесткамі на 15 сакавіка, заключана 25 дагавораў аб арганізацыі перавозак пасажыраў, больш як 140 кампаній падалі заяўкі на пераафармленне.

"З 25 дагавораў, якія заключаныя, заяўлена 135 машын. Можна канстатаваць, перавозчыкі, якія ажыццяўлялі раней перавозкі у нерэгулярных зносінах, цікавяцца, пераходзяць з адной катэгорыі ў іншую, але не ўсё пакуль на гэта наважыліся. Тым не менш асноўныя напрамкі, якія можна назваць праблемнымі, ужо закрытыя", — адзначыў начальнік упраўлення аўтамабільнага і гарадскога пасажырскага транспарту Міністэрства транспарту і камунікацый Сяргей Дубіна. Паводле звестак Мінтранса, ужо аднавіліся рэйсы ў Слуцк, Салігорск, Старыя Дарогі, Капыль, Гродна і Ліду. Дакументы афармляюць і віцебскія перавозчыкі.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239