Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/16/947280_889123/
Дата раздрукоўкі: 09.08.2020 17:38
16.03.2018 15:49 Эканоміка

На наступным тыдні расійскія спецыялісты будуць правяраць беларускія прадпрыемствы

Мінск, 16 сакавіка. Расійскія спецыялісты пачнуць інспектаваць беларускія малочныя і мясаперапрацоўчыя прадпрыемствы 19 сакавіка, паведамілі БелаПАН у Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі.
Падрабязнасці візіту, а таксама колькасць спецыялістаў, якія прыбудуць з Расіі, і спіс прадпрыемстваў, што зведаюць інспектаванне, пакуль не вядомыя — ідуць ўзгадненні, адзначылі ў Мінсельгасхарчы.

Пра інспектаванне беларускіх прадпрыемстваў — пастаўшчыкоў прадукцыі, "бяспека якой выклікае занепакоенасць расійскага боку", паведаміла Міністэрства сельскай гаспадаркі Расіі паводле вынікаў перамоў у Маскве 14 сакавіка. Перамовы прайшлі пад старшынствам віцэ-прэм'ераў Беларусі Міхаіла Русага і Расіі Аркадзя Дварковіча. Была падпісаная дарожная карта па працэдуры зняцця абмежаванняў на пастаўкі ў РФ беларускай жывёлагадоўчай прадукцыі на 2018 год.

Рассельгаснагляд таксама адмовіўся ад рашэння ўвесці 15 сакавіка забарону на пастаўку малака і некаторых відаў малочнай прадукцыі з Беларусі. Мінск, са свайго боку, паабяцаў прыняць меры па недапушчэнні ўвозу ў РФ санкцыйнай сельгаспрадукцыі.

Напярэдадні перамоў у Маскве кіраўнік Мінсельгасхарча Беларусі Леанід Заяц паведаміў, што ў дарожнай карце, якую Мінск прапануе прыняць для ўрэгулявання малочнай спрэчкі, "акрэсленыя пазіцыі Беларусі, улічаныя пазіцыі Расійскай Федэрацыі". "Упэўнены, што разгляд і прыняцце гэтай дарожнай карты зніме забарону паставак нашых прадпрыемстваў на расійскі рынак", — сказаў Заяц.

"З упэўненасцю магу сказаць, што рэшткаў антыбіётыкаў у нашай прадукцыі няма і не можа быць, — дадаў ён. — Сыравіна, якая сёння паступае з гаспадарак на малочнае прадпрыемства, вельмі грунтоўна кантралюецца. Той жа самы кантроль ёсць і ў працэсе перапрацоўкі. Пры адгрузцы гатовай прадукцыі кожная партыя даследуецца ў лабараторыях".

Праблемы з пастаўкамі беларускай малочнай прадукцыі на расійскі рынак узніклі ў канцы лютага. Рассельгаснагляд абвясціў пра ўвядзенне часовых абмежаванняў на пастаўкі такой прадукцыі, палічыўшы яе небяспечнай. Першапачаткова абмежаванні планавалася ўвесці 26 лютага, потым тэрмін быў перанесены на 6 сакавіка, пасля — на 15-е.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239