Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/16/eu_947190_123456/
Дата раздрукоўкі: 10.12.2018 09:11
16.03.2018 09:11 Палітыка, Эканоміка, Беларусь — Еўрасаюз

Польшча накіравала афіцыйны запыт адносна будаўніцтва ў Брэсце акумулятарнага завода

Мінск, 16 сакавіка. Польшча накіравала афіцыйны запыт беларускага боку ў сувязі з запланаваным будаўніцтвам у Брэсце акумулятарнага завода, паведамляе "Польскае радыё.

Як заяўляе Галоўнае ўпраўленне аховы навакольнага асяроддзя Польшчы, інфармацыя аб плануемым будаўніцтве паступала да гэтага часу толькі ад рэгіянальнага ўпраўлення ў Любліне, у якое звярнуліся грамадзяне, выказваючы сваю занепакоенасць будаўніцтвам акумулятарнага завода ў Брэсце.

Пры гэтым адзначаецца, што Беларусь падпісала трансгранічную Канвенцыю аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. Згодна з ёй, калі інвестыцыйны праект можа мець значны ўплыў на прыроду, беларускі бок абавязаны аб гэтым праінфармаваць краіну-суседку. Аднак Галоўнае ўпраўленне аховы навакольнага асяроддзя Польшчы ніякай інфармацыі на гэтую тэму не атрымала.

Такім чынам, падкрэсліла прэс-сакратар Галоўнага ўпраўлення аховы навакольнага асяроддзя Польшчы Моніка Якубяк, Польшча мае права абмеркаваць з суседзямі пытанне аб негатыўным уздзеянні на сваю тэрыторыю і жыхароў памежнай зоны гэтага праекта.

Узвядзенне акумулятарнага завода пачалося на прамысловай пляцоўцы "Аэрапорт" у свабоднай эканамічнай зоне "Брэст". Будуе прадпрыемства ТАА "АйПауэр" — рэзідэнт СЭЗ. Падрадчык будаўніцтва — кітайскае ТАА "Аньхойская знешнеэканамічная будаўнічая карпарацыя". На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.

Жыхары Брэсцкага раёна і Брэста лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Было сабрана амаль 37 тыс. подпісаў супраць будаўніцтва, якія былі перададзеныя ў Адміністрацыю прэзідэнта 22 лютага.

27 лютага ў судзе Маскоўскага раёна Брэста пачаўся разгляд іску групы грамадзян і грамадскага аб`яднання "Экадом" да ТАА "АйПауэр".

З 25 лютага кожную нядзелю праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода прыходзяць на плошчу Леніна ў Брэсце і абмяркоўваюць свае далейшыя дзеянні.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН