Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/19/eu_947532_986547/
Дата раздрукоўкі: 03.06.2020 03:19
19.03.2018 12:29 Грамадства, Эканоміка, Беларусь — Еўрасаюз

Справаздача аб партнёрскай праверцы стрэс-тэстаў БелАЭС будзе апублікаваная ў ліпені

Мінск, 19 сакавіка. Выніковая версія справаздачы аб партнёрскай праверцы стрэс-тэстаў Беларускай АЭС будзе апублікаваная ў ліпені, паведамляе прэс-служба Міністэрства па надзвычайных сітуацыях паводле вынікаў візіту ў Беларусь упаўнаважаных еўрапейскіх экспертаў.

У межах партнёрскай праверкі нацыянальнага даклада Беларусі аб стрэс-тэстах эксперты наведалі Беларусь 12—16 сакавіка. "17 экспертаў з 15 краін на чале з прадстаўніком Офіса па ядзерным рэгуляванні Вялікабрытаніі Маркам Фоем удакладнілі і абмеркавалі з беларускімі і расійскімі спецыялістамі пададзеную ў нацыянальным дакладзе інфармацыю, наведалі пляцоўку будаўніцтва Беларускай АЭС у Астраўцы, падрыхтавалі папярэднюю версію справаздачы аб партнёрскай праверцы", — паведамляе прэс-служба МНС.

Пры гэтым адзначаецца, што візіт еўрапейскіх экспертаў — гэта "адзін з этапаў разгляду вынікаў стрэс-тэстаў Беларускай АЭС у межах партнёрскай праверкі, якая праводзіцца ў адпаведнасці з добраахвотна прынятымі Рэспублікай Беларусь абавязацельствамі і паводле ўзгодненага з Еўрапейскай камісіяй алгарытму".

Падчас сустрэч з экспертамі начальнік Дзяржатамнагляда Вольга Лугаўская звярнула ўвагу, што Беларусь "з пункта гледжання развіцця ядзернай энергетычнай праграмы застаецца ў статусе краіны-пачаткоўца", таму правядзенне працэдуры стрэс-тэстаў для яе "не толькі надзейны інструмент праверкі і пацвярджэння бяспекі АЭС, але і пункт росту ў дачыненні да развіцця тэхнічных кампетэнцый ўсіх зацікаўленых".

"Высновы паводле вынікаў партнёрскай праверкі прынясуць практычную карысць для распрацоўкі і наступнай рэалізацыі мерапрыемстваў па ўдасканаленні бяспекі і магчымасцяў Беларускай АЭС супрацьстаяць экстрэмальным знешнім прыродным уздзеянням. Вольга Лугаўская выказала словы падзякі ўсім экспертам за праведзеную вялікую працу, выканаць якую было няпроста з улікам аб'ёму інфармацыі і сціслых тэрмінаў для яе аналізу", — адзначаюць у МНС.

У паведамленні таксама прыводзіцца пазіцыя кіраўніка экспертаў Марка Фоя, які, паводле інфармацыі МНС, адзначыў, што беларускі бок "хутка і дэталёва падрыхтаваў і перад візітам даслаў адказы на вялікую колькасць пытанняў экспертаў (465) у суправаджэнні дадатковых матэрыялаў, выказаў адкрытасць і празрыстасць пры ўзаемадзеянні з групамі экспертаў у межах візіту, гэта быў каштоўны абмен інфармацыяй і добра арганізаваны візіт, уключаючы наведванне пляцоўкі будаўніцтва Беларускай АЭС".

Стрэс-тэсты на БелАЭС у 2016—2017 гадах праводзіла санкт-пецярбургская кампанія "Атампраект", якая ўваходзіць у склад расійскай дзяржкарпарацыі "Расатам" — генпадрадчыка будаўніцтва станцыі пад Астраўцом. 8 лістапада 2017 года Лугаўская паведаміла журналістам, што вынікі тэставання паказалі ўстойлівасць станцыі да экстрэмальных знешніх умоў.

Беларуская АЭС узводзіцца пад Астраўцом (Гродзенская вобласць), блізу беларуска-літоўскай мяжы, за кошт крэдыту Расіі. Для яе будаўніцтва выбраны праект АЭС-2006 — тыпавы расійскі праект атамнай станцыі новага пакалення з выкарыстаннем вода-вадзянога энергетычнага рэактара ВВЭР-1200. Пастаўка ядзернага паліва на БелАЭС чакаецца ў лістападзе 2018 года. Увод у эксплуатацыю першага энергаблока запланаваны на снежань 2019 года, другога — на ліпень 2020-га.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239