Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/20/947671_112048/
Дата раздрукоўкі: 31.05.2020 07:02
20.03.2018 09:31 Эканоміка, Грамадства

Павышаюцца тарыфы на пасажырскія перавозкі чыгуначным транспартам

Мінск, 20 сакавіка. У Беларусі павышаюцца тарыфы на пасажырскія перавозкі чыгуначным транспартам, паведамляе Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ).

Так, тарыфы на перавозкі пасажыраў у цягніках рэгіянальных і міжрэгіянальных ліній 1 красавіка 2018 года будуць павялічаныя на 24 і 32% адпаведна.

Тарыфы на перавозкі пасажыраў чыгуначным транспартам агульнага карыстання на гарадскіх лініях павялічаныя 20 сакавіка да наміналу, зручнага для аплаты (на 2—6%).

Павышэнне тарыфаў прадугледжанае пастановай МАРГ ад 21 снежня 2017 года № 6, якім унесеныя змены ў пастанову міністэрства ад 27 верасня 2016 года № 29.

Як адзначаюць у МАРГ, тарыфы на перавозку пасажыраў чыгуначным транспартам агульнага карыстання папярэдні раз павышаліся ў 2015 годзе.

"На сённяшні дзень узровень кампенсацыі насельніцтвам затрат на аказанне ўнутрырэспубліканскіх пасажырскіх перавозак чыгуначным транспартам не перавышае 20%, — паведамляе МАРГ. — Бюджэтнае субсідаванне на гэтыя паслугі не ажыццяўляецца. Такім чынам, рашэнне аб пераглядзе тарыфаў прынятае ў мэтах паэтапнага павышэння ўзроўню акупнасці перавозак пасажыраў чыгуначным транспартам".

У міністэрстве падкрэсліваюць, што "ад узроўню тарыфаў і ўзроўню акупнасці выдаткаў наўпрост залежыць магчымасць правядзення перавозчыкам неадкладных мерапрыемстваў па падтрыманні якасці і бяспекі перавозак, абнаўлення рухомага складу і, такім чынам, павышэння якасці паслуг па перавозцы".
Андрэй Серада, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239